Лоўца Слоўцаў

Лоўца Слоўцаў

Download on the App Store

Лоўца Слоўцаў episodes

  • Што нашыя продкі бачылі ў начным небе і як называлі надта ўразлівых людзей?

    Ці ведалі вы, што часам можна падзабыць нават не само слова, а толькі адно з яго значэнняў? Напрыклад, «каромысла» застаецца прадметам для пераносу вёдраў, а мімоза – кветкай. І раптам звычайная размова можа адкрыць за гэтымі словамі зусім іншыя сэнсы і вобразы!

    У восьмым эпізодзе падкаста «Лоўцы Слоўцаў» Жэня і Уладзік (Уладзіслаў Гарбацкі – сацыялінгвіст, гендарны даследнік) зноў выходзяць на сцежку падзабытых словаў. Гэтым разам іх улоў складаецца з дзвюх добра знаёмых назваў, да якіх варта прыгледзецца ўважлівей. Бо нават беларускамоўны чалавек можа ведаць само слова, але пры гэтым не ведаць, колькі сэнсаў яно захоўвала яшчэ дадаткова.

    Аднойчы падчас сацыялінгвістычнай экспедыцыі на Віцебшчыне Уладзіслаў пачуў ад бабуль: «Сёння якраз добрае надвор'е, бачна “Каромысла”». Ён зразумеў, што гаворка ішла не пра тое каромысла, якое выкарыстоўваюць, каб данесці вёдры з вадой ад калодзежа, бо яны паказалі на начное неба. І сапраўды: тое, што Уладзіслаў ведаў як «Пояс Арыёна», для яго суразмоўніц мела зусім іншую і больш звыклую ім назву.

    У Віцебску і Воршы казалі «Каромысла», а на Полаччыне і ў Шуміліне – «Каромысел». Бо адно слова можа гучаць крыху па-рознаму ў розных рэгіёнах. Але цікава тое, што ў гэтай гісторыі ёсць не толькі нечаканая назва. Яна нагадвае нам, што ў жывой гаворцы было месца як для штодзённай працы, так і для назірання за зоркамі. Нашыя бабулі сапраўды назіралі за небам, любаваліся ім і называлі тое, што бачылі. А словы захоўвалі гэты погляд, бо «Пояс Арыёна» сапраўды выглядае як тое самае «каромысла» для вёдзер.

    Уладзік прыгадвае, як чытаў фантастыку ў перакладзе з ангельскай на беларускую і сустрэў там таксама «Пояс Арыёна». А што, калі б у гэтым тэксце з'явілася «Каромысла»? Сэнс застаўся б зразумелым, але вобразнасць загучала б зусім інакш. Бо тут ёсць нават нейкая рамантычнасць. Менавіта дзеля гэтага мы можам яго вярнуць і зноў пачаць ужываць.

    З «мімозай» гісторыя вядзе ўжо ад назірання за небам да назірання за чалавекам. «Ой, ён такі мімоза», «яна такая мімоза» – у гэтых выразах гаворка зусім не пра кветку. Так бабулі на Віцебшчыне называлі вельмі ўразлівага чалавека з далікатнай псіхікай. Мелася на ўвазе, што такая асоба можа хутка ўспыхнуць ці нагрубіць, але гэтак жа хутка ён ці яна адыходзіць, а пасля доўга перажывае і думае, як папрасіць прабачэння. Бачыце, колькі сэнсаў можа змяшчацца ў адным слоўку? Гэта ж цэлае назіранне за псіхалогіяй і характарам.

    Такое значэнне Уладзіслаў знайшоў і ў старым слоўніку Язэпа Ціхінскага. Таму сённяшні рэдкі выраз з Віцебшчыны не варта адразу лічыць выключна рэгіянальным, бо слоўнік збіраў матэрыял і з іншых рэгіёнаў. І зноў выяўляецца, што за словам, якое яшчэ можна пачуць у размове, стаіць куды больш глыбокая гісторыя. Але чаму для такога чалавека выбралі менавіта назву кветкі?

    Жэня прыгадвае выраз «роза-мімоза» са свайго дзяцінства, і гэта дае нам яшчэ адну зачэпку для размовы. Толькі зачэпку, а не гатовае тлумачэнне, бо магчымую сувязь яшчэ трэба даследаваць.

    «Мы не толькі лоўцы слоўцаў, але і лоўцы сэнсаў», – кажа Уладзіслаў. Таму, шукаючы значэнне, можна нават памыліцца або прыпісаць слову тое, чаго ў ім ніколі не было. Але разам з тым мова не стаіць на месцы, і людзі менавіта так могуць надаваць словам новыя адценні.

    Таму «Лоўцы Слоўцаў» прапануюць вам далучыцца і распавесці свае версіі наконт гэтых нечаканых значэнняў. Дасылайце іх у каментарах ці на электронную скрыню Belarus FM. Памятайце, што ліст можна выдаліць з папкі «Адпраўленыя».

    Наш адрас: [email protected]

    Калі вам хочацца больш пачытаць Уладзіслава Гарбацкага, ягоныя кнігі можна знайсці на сайце выдавецтва Skaryna Press: https://skarynapress.com/product-tag/уладзіслаў-гарбацкі/

    Падкаст зроблены пры падтрымцы Belarus FM ¹ .

    Тэкставая версія на нашым сайце: https://belarus.fm/rheme-catcher/gem-08/

    ¹ Belarus FM – медыйная платформа некамерцыйнай арганізацыі Belarus Freedom Media, VšĮ, зарэгістраванай у Літве.

    8 min
  • Ці існуюць на свеце кабеты ў палітыцы?

    Як па-беларуску назваць прафесію кабетаў, якія займаюцца палітыкай? У беларускіх тэкстах, у тым ліку ў навінах, дагэтуль лёгка сустрэць «нямецкая палітык» або «жанчына-палітык». То-бок фемінізуецца толькі прыметнік або ствараецца грувасткае словазлучэнне, а само слова «палітык» у абодвух выпадках застаецца без зменаў. Але ж «палітык» – слова мужчынскага роду: сваёй граматычнай формай яно называе мужчыну, які займаецца палітыкай. Дык няўжо ў беларускай мове няма ўласнага фемінітыва для гэтай прафесіі? Ці на свеце няма кабетаў, якія займаюцца палітыкай?

    У новым эпізодзе «Лоўцы Слоўцаў» Жэня і Уладзік (Уладзіслаў Гарбацкі – сацыялінгвіст, гендарны даследнік) знаходзяць адразу некалькі варыянтаў, якія ўжо сустракаюцца ў беларускай мове. Але пакуль ніводнае з гэтых словаў не было ўнармавана. Чаму так адбываецца? Які з гэтых варыянтаў мае больш шанцаў замацавацца ў мове? І хто ўрэшце вырашае, якое слова застанецца?

    Адзін з варыянтаў – гэта слова «палітыца». Яно ўтвараецца ад слова «палітык» з дапамогай «-ыца». Часцей можна пачуць «палітЫца» з націскам на «ы», але сустракаецца і варыянт «палІтыца» з націскам на «і», бо слова пакуль не ўнармавана і націск яшчэ не цалкам устойлівы.

    Уладзіслаў называе такія словы пасіўнымі. Яны ўжо ёсць, але людзі яшчэ не пачуваюцца ўпэўнена, ужываючы іх. А з-за таго, што слова яшчэ і адсутнічае ў афіцыйных слоўніках, журналісты і журналісткі, якія таксама не пачуваюцца ўпэўнена, хутчэй выбіраюць знаёмую форму «палітык». Бо гэтае слова там дакладна зафіксавана.

    Сам Уладзіслаў ужо дадаў фемінітыў «палітыца» ў свой слоўнік «Гід па фемінізацыі» і прапануе актыўна выкарыстоўваць гэтае слова. Нагадаем, што іншыя кнігі мовазнаўцы можна знайсці тут: https://skarynapress.com/product-tag/уладзіслаў-гарбацкі/

    Наступны варыянт – «палітычка». Але гэта больш размоўны варыянт. Таму Уладзіслаў не можа яго прапанаваць у якасці афіцыйнага фемінітыва. Мовазнаўца дадае, што хоць слова таксама ўзнікае натуральна, але на яго ўспрыманне можа ўплываць расейская мова, дзе суфікс «-к-» мае шмат значэнняў, у тым ліку змякчальна-памяншальнае. Таму гэты суфікс часам можа надаваць слову адценне «нечага несур'ёзнага». Гэта ўплывае на беларускую сітуацыю: з-за гэтага «палітычка» можа гучаць так, нібыта сама прафесія ці род заняткаў становяцца менш сур'ёзнымі, нібыта непаўнавартаснымі.

    Жэня прапануе разгледзіць яшчэ адзін варыянт – фемінітыў «палітыкеса». Уладзіслаў кажа, што такая форма таксама сустракаецца, асабліва сярод расейскамоўных беларусаў і беларусак, у тым ліку калі яны пішуць па-беларуску. Словы на «-эса» і «-еса» беларускай мове не чужыя, але гістарычна сустракаліся радзей, чым у расейскай. Гэта часта спыняе беларускіх мовазнаўцаў, асабліва тарашкевічанцаў. Але некаторыя такія словы ўсё ж замацаваліся – напрыклад, «паэтэса», якая, паводле Уладзіслава, сёння дамінуе ў афіцыйным беларускім правапісе.

    Каб зразумець, адкуль узяліся падобныя формы і якія фемінітывы ёсць яшчэ ў беларускай мове, прапануем паслухаць гэты эпізод. А прачытаць пра гэта падрабязней можна на нашым сайце: https://belarus.fm/rheme-catcher/gem-07/

    Падкаст зроблены пры падтрымцы Belarus FM ¹ .

    Калі вы жадаеце даслаць свае слоўкі, дадаткова да каментароў прапануем наш e-mail для сувязі. Памятайце, што ліст можна выдаліць з папкі «Адпраўленыя».

    Наш адрас: [email protected]

    ¹ Belarus FM – медыйная платформа некамерцыйнай арганізацыі Belarus Freedom Media, VšĮ, зарэгістраванай у Літве.

    10 min
  • Як па-беларуску мабільнік? А кабета, якая збірае грыбы? Адказы шукаем у віцеблянізмах

    У беларускай мове сустракаецца шмат словаў, якія добра ведаюць у адным рэгіёне і якія амаль невядомыя ў іншым. Але гаворка не абавязкова пра старыя словы. Некаторыя з'явіліся ўжо ў наш час, напрыклад разам з першымі мабільнымі тэлефонамі. А некаторыя праз некалькі год нават паспелі знікнуць. Колькі такіх словаў мы ведаем сёння ўвогуле?

    У новым эпізодзе «Лоўцы Слоўцаў» Жэня і Уладзік (Уладзіслаў Гарбацкі – сацыялінгвіст, гендарны даследнік) зноў вяртаюцца на ўлюбёную «віцебскую» сцежку. Гэтым разам сярод злоўленых словаў – «нагруднік», «баўкала», «усухі» і «цякунок». Адкуль яны ўзяліся і што азначаюць? А напрыканцы адказваем на пытанне: як па-беларуску назваць кабету, якая ходзіць у лес па грыбы? Слухайце проста зараз!

    А калі вы шукаеце, дзе пачытаць Уладзіслава болей, нагадаем, што яго кнігі можна знайсці тут: https://skarynapress.com/product-tag/уладзіслаў-гарбацкі/

    Першыя мабільныя тэлефоны былі вялікія – сапраўдныя «бандуры», як кажа Уладзік. Іх часцей за ўсё насілі на шыі, і сам тэлефон вісеў на грудзях. На Віцебшчыне такія мабільнікі пачалі называць «нагруднікамі». Можна было пачуць: «Здымі свой нагруднік» або «Твой нагруднік ужо баўкае». Потым тэлефоны змяніліся, іх пачалі насіць у кішэнях, мода на такія «нагруднікі» прайшла, таму і само слова амаль знікла. Гэта той выпадак, калі новая назва паспела з'явіцца ў мове, хаця патрэбная была ўсяго некалькі год.

    А іншае слова засталося. На Віцебшчыне, Аршаншчыне, Лёзненшчыне і ў суседніх мясцінах можна пачуць «баўкаць». «Баўкні мне» – значыць «патэлефануй мне». «Баўкні доктарцы» – «патэлефануй доктарцы», запрасі яе прыйсці. Побач з дзеясловам ёсць і «баўкала» – тэлефон. Сёння так могуць называць ужо не толькі мабільнік, але часам і стацыянарны апарат. Дарэчы, «баўкнуць» можна таксама ў Zoom. Яшчэ «баўкалай» могуць назваць чалавека, які занадта шмат размаўляе па тэлефоне ці ўвесь час у ім «сядзіць». Так атрымалася цэлае гняздо словаў: дзеяслоў «баўкаць» як «тэлефанаваць», «баўкала» як тэлефон і «баўкала» як чалавек. Ці застанецца «баўкала» ў беларускай мове, пакажа час. Але на Віцебшчыне яго ўжываюць дагэтуль.

    Не ўсе віцеблянізмы можна адразу зразумець па гучанні. Напрыклад, пачуўшы слова «усухі», лёгка падумаць пра нешта сухое. Уладзіслаў, як «гарадскі малец», таксама спачатку не разумеў, што яно азначае. А падчас адной з экспедыцый дзядулька, з якім яны пайшлі купацца, папярэдзіў яго: «Асцярожна, там усухі».

    «Усухі» – гэта падводныя камяні або камяністыя пагоркі пад вадой. Можна сігануць у возера, не заўважыць іх і моцна пабіцца. І гаворка менавіта пра возера: у рацэ такія месцы называюць ужо інакш.

    Дзядулька казаў, што каля такога месца трэба было б паставіць знак «Усухі». А Уладзіслаў жартуе: ці зразумелі б людзі, якія прыехалі на возера, што гэты знак азначае? Але, можа, так слова і атрымала б новае жыццё.

    Яшчэ адна знаходка – «цякун», або «цякунок». Так на Віцебшчыне называюць вельмі дробны пясочак, які нібы цячэ, як вада. Адсюль, відаць, і назва. Уладзіслаў узгадвае пясочак у пясочных гадзінніках або той, які так прыемна адчуваецца пад нагамі на пляжы. І тут замест грувасткага апісання «вельмі дробны мяккі пясочак» ёсць адно слова – «цякунок». Яно само падказвае, у чым яго асаблівасць і чаму ён так называецца.

    Апошнім разам у нас засталося адно пытанне: як па-беларуску назваць кабету, якая ходзіць у лес па грыбы?

    Адказ на пытанне і іншыя віцеблянізмы можна знайсці ў гэтым эпізодзе. А прачытаць падрабязней пра словы, якія згадваюцца ў размове, можна яшчэ і на нашым сайце па спасылцы: https://belarus.fm/rheme-catcher/gem-06/

    Падкаст зроблены пры падтрымцы Belarus FM ¹ .

    Калі вы жадаеце даслаць свае слоўкі, дадаткова да каментароў прапануем наш e-mail для сувязі. Памятайце, што ліст можна выдаліць з папкі «Адпраўленыя».

    Наш адрас: [email protected]

    ¹ Belarus FM – медыйная платформа некамерцыйнай арганізацыі Belarus Freedom Media, VšĮ, зарэгістраванай у Літве.

    13 min
  • Топ-10 крыніц, дзе шукаць беларускія словы, якіх няма ў Google

    Што рабіць, калі чуеш незнаёмае беларускае слова, шукаеш праз Google, але не знаходзіш зусім нічога? Можа, слова выдуманае, або хтосьці памыліўся? А можа, яго проста няма ў інтэрнэце? Такое можа здарацца, асабліва калі гаворка ідзе пра дыялектную лексыку, рэгіянальныя словы ці нават формы, якія захаваліся толькі ў некалькіх вёсках, у маўленні старэйшага пакалення. Дзе наогул шукаць такія словы і як іх правяраць?

    Пасля аднаго з папярэдніх эпізодаў слухачы звярнулі ўвагу на слова «водбіца». У пошуку знаходзіцца перш за ўсё «Водбіца», як «невялікая рака, прыток Дняпра». І таму ўзнікла пытанне: ці не памыліліся аўтары падкаста, калі згадвалі гэтае слова ў іншым значэнні?

    Не памыліліся. Водбіца – сапраўды невялічкая рака, якая цячэ ў даволі глыбокай для беларускага ландшафту лагчыне. У мясцовай гаворцы назва ракі жыла як геаграфічная назва: можна было, напрыклад, сказаць «пад Водбіцу пайсці» – пайсці ў бок ракі. Але з часам яе назва стала яшчэ і вобразным словам. Лагчына, у якой цячэ Водбіца, стала мясцовым параўнаннем для падобных паглыбленняў: таму «водбіцамі пад вачыма» пачалі называць глыбокія мяхі пад вачыма, нібы гэта своеасаблівыя невялічкія лагчыны на твары.

    Гэта не выпадкова прыдуманы выраз аднаго чалавека і не аказіяналізм, а слова невялікай мясцовай супольнасці. Паводле Уладзіка, яго ўжывалі ў некалькіх вёсках Аршаншчыны (Брылях, Крапіўне і Сяглаве), але нават там яно паступова знікае: старэйшыя людзі яшчэ ведалі такое значэнне, а маладзейшыя могуць успрымаць Водбіцу ўжо толькі як назву ракі. Тым болей, што нават звычайны інтэрнэт-пошук знаходзіць толькі геаграфічны аб’ект, але не знаходзіць сэнс слова ў мясцовай гаворцы.

    Іншы каментар прынёс у падкаст яшчэ адно слова – «збіёдаць». Яго даслала слухачка са спасылкай на гаворку бабулі з Бярэзінскага раёна. Гэта слова мае вельмі цікавае значэнне. Паводле яе ўспамінаў, бабуля казала так, калі мела на ўвазе «страціць, знішчыць, змарнаваць». Уладзіслаў ведае падобную форму з Віцебшчыны і Аршаншчыны, але з літарай «а» – «збаёдаць». А ў дыялектных слоўніках сустракаюцца і іншыя варыянты: «збіёдаць» і нават «збыёдаць». Гэта якраз характэрная для дыялектаў рэч: адно і тое ж слова ў розных мясцовых гаворках можа крыху па-рознаму гучаць, але сэнс можа захоўвацца.

    І калі больш падрабязна разглядаць значэнне гэтага слова, Уладзіслаў прыводзіць прыклады таго, як яго ўжываюць у знаёмай яму гаворцы. Могуць сказаць: «Ты ўсе нашы грошы збаёдаў» – то бок змарнаваў іх. Або, больш вобразна: «Ён збаёдаў усе мае маладыя гады». Тады мелася на ўвазе, што праз гэтага чалавека жанчына нібыта страціла сваю маладосць. Ёсць таксама слова «збаёда» – так называюць чалавека, які раскідваецца грашыма. А блізкае да яго па сэнсе слова – «раскідзёха». Пры гэтым «раскідзёха» – слова супольнага роду: так можна назваць і мужчыну, і жанчыну.

    Калі слова не знаходзіцца праз Google, гэта можа азначаць не тое, што яго няма, а тое, што яно ніколі не трапіла ў добра праіндэксаваныя электронныя крыніцы. Беларуская дыялектная мова значна большая за тое, што можна лёгка знайсці ў інтэрнэце. Таму мовазнаўцы працуюць не з адной крыніцай, а адразу з некалькімі пластамі матэрыялу: з дыялектнымі слоўнікамі, са старымі і сучаснымі рэгіянальнымі выданнямі, з рукапіснымі слоўнікамі і архіўнымі матэрыяламі, літаратурнымі тэкстамі і нават палявымі запісамі і жывой гаворкай. Вядома, што такіх крыніц у інтэрнэце можна і не знайсці.

    Пра тое, дзе менавіта шукаць такія словы і якія крыніцы могуць у гэтым дапамагчы, Уладзіслаў падрабязна расказвае ў эпізодзе. А кнігі, слоўнікі і даследаванні, якія згадваюцца ў размове, мы сабралі на нашым сайце па спасылцы: https://belarus.fm/rheme-catcher/gem-05/

    Падкаст зроблены пры падтрымцы Belarus FM ¹ .

    Калі вы жадаеце даслаць свае слоўкі, дадаткова да каментароў прапануем наш e-mail для сувязі. Памятайце, што ліст можна выдаліць з папкі «Адпраўленыя».

    Наш адрас: [email protected]

    ¹ Belarus FM – медыйная платформа некамерцыйнай арганізацыі Belarus Freedom Media, VšĮ, зарэгістраванай у Літве.

    22 min
  • Якую таямніцу хаваюць падзабытыя словы беларускай мовы і чым карысталіся вядзьмаркі

    Некаторыя словы паступова знікаюць з жывой гаворкі. І гэта можа здарацца з самых розных прычынаў. Часам сыходзіць пакаленне, для якога гэтыя словы былі звычайнымі і натуральнымі, а маладзейшыя людзі ўжо іх не падхопліваюць. Альбо на мову ўплываюць працяглыя працэсы русіфікацыі, і праз гэта мы паступова адмаўляемся ад некаторых сваіх словаў. Калі-некалі могуць дзейнічаць і іншыя сацыяльныя ці гістарычныя чыннікі. Таму не заўсёды магчыма назваць адну прычыну, чаму слова спыніла сваё гучанне. Але калі яно яшчэ захавалася ў памяці людзей або ў слоўніках, яго можна паспрабаваць злавіць і вярнуць у моўную прастору.

    У чацвёртым эпізодзе падкаста «Лоўца Слоўцаў» Жэня і Уладзік (Уладзіслаў Гарбацкі – сацыялінгвіст, гендарны даследнік) выходзяць на сцежку падзабытых словаў. І гэтым разам ловяць адно з іх. Для Уладзіслава яно шмат гадоў заставалася асабістай таямніцай, а пошукі яго азначэння ператварыліся ў сапраўдны моўны дэтэктыў.

    Уладзіслаў шмат разоў чуў слова «кільчыба» ад сваёй бабулі. З кантэксту яму, вядома, было зразумела, што гаворка ідзе пра нешта дрэннае, але дакладнага тлумачэння гэтага слова ў яго не было.

    Асабліва яму запомніўся адзін дыялог бабулі з доктаркай. Калі яна спытала бабулю, што ёй выпісаць, тая адказала: «Выпішыце мне хаця б нейкую кільчыбу».

    Доктарка слова не зразумела. Магчыма, падумала: «Бабуля нешта кажа невыразна альбо проста штосьці прыдумляе». Пазней бабулі не стала, а «кільчыба» засталася для Уладзіслава таямніцай. Шмат гадоў ён быў перакананы, што гэта выключна віцебскае слова. Тым больш што нават калегі-мовазнаўцы не маглі яго патлумачыць. Адказ знайшоўся значна пазней – ужо ў архівах.

    Працуючы са слоўнікам мовазнаўцы Язэпа Ціхінскага, Уладзіслаў нарэшце знайшоў знаёмае слова. Ціхінскі некалькі дзесяцігоддзяў збіраў вялікі беларуска-расейска-польскі тлумачальны слоўнік. Яму дапамагалі карэспандэнты з розных частак Беларусі. Яны дасылалі мясцовыя словы і выразы. Сам слоўнік так і не быў выдадзены і захаваўся ў Вільні. І менавіта ён дапамог высветліць адну істотную акалічнасць: у XIX стагоддзі і на пачатку XX стагоддзя слова «кільчыба» не было выключна віцебскім – яно было вядома значна шырэй. А цяпер проста знікла.

    І нарэшце стала зразумела, што мела на ўвазе бабуля. Слова «кільчыба» мела некалькі азначэнняў, і ўсе яны так ці інакш звязаныя з атрутай.

    Паводле аднаго з іх, гэта атрутная расліна кшталту «вароняга вока». У народных гісторыях і легендах яе маглі звязваць з вядзьмаркамі, якія нібыта ёю карысталіся.

    Але было і іншае тлумачэнне. Кільчыбай называлі атруту, у тым ліку стрыхнін. Менавіта ў такім шырокім сэнсе гэтае слова ўжывала і бабуля Уладзіслава. Яна калісьці расказвала, што кільчыбу кладуць, каб атруціць мышэй або пацукоў. А калі бабуля прасіла доктарку «выпісаць хоць кільчыбу», гэта быў жарт. У яе ўсё балела, і яна адчувала сябе вельмі дрэнна. Такім чынам яна падкрэслівала, наколькі ёй кепска. «Таму добра, што доктарка гэтага слова не ведала і не выпісала кільчыбу», – жартуе Уладзіслаў.

    «Кільчыба» наўрад ці стане словам, якое мы будзем ужываць кожны дзень. Але гэта не значыць, што яно павінна застацца забытым. Тым болей што вяртанне старых словаў не азначае, што яны павінны выцясняць тыя, якімі мы карыстаемся цяпер. Яны могуць існаваць побач як сінонімы.

    Для Уладзіслава «кільчыба» мае асабістае значэнне. Гэта натуральнае беларускае слова, якое было вядома ў XIX і на пачатку XX стагоддзя, і разам з тым яно нагадвае яму пра Віцебск і бабулю. І калі тлумачэнне нарэшце знайшлося, Уладзіслаў сказаў: «Нібыта бабуля са мной зноў загаварыла».

    Падкаст зроблены пры падтрымцы Belarus FM ¹ .

    Тэкставая версія на нашым сайце: https://belarus.fm/rheme-catcher/gem-04/

    Калі вы жадаеце даслаць свае слоўкі, дадаткова да каментароў прапануем наш e-mail для сувязі. Памятайце, што ліст можна выдаліць з папкі «Адпраўленыя».

    Наш адрас: [email protected]

    ¹ Belarus FM – медыйная платформа некамерцыйнай арганізацыі Belarus Freedom Media, VšĮ, зарэгістраванай у Літве.

    8 min
  • Фемінітывы: жанчыны ёсць, а словаў няма? Ці могуць назовы патрапіць у моўную вязніцу?

    Фемінітывы часам успрымаюцца як нешта новае, ці моднае або нават штучнае. Але для беларускай мовы гэта зусім не новая з'ява. Настаўніца, дырэктарка, шляхцянка, сялянка - усё гэта назоўнікі жаночага роду, якія называюць жанчын паводле прафесіі, пасады, занятку або сацыяльнага статусу.

    Мы карыстаемся такімі словамі штодня і нават не задумваемся пра гэта. А спрэчкі звычайна пачынаюцца там, дзе жаночая форма радзей гучала ў публічнай прасторы. Бо апошнія гады фемінітывы былі маргіналізаваныя і толькі цяпер вяртаюцца ў актыўную мову.

    У трэцім эпізодзе падкаста «Лоўца Слоўцаў» Жэня і Уладзік (Уладзіслаў Гарбацкі – сацыялінгвіст, гендарны даследнік) выходзяць на новую сцежку моўнага лесу - сцежку фемінітываў.

    Навошта мове фемінітывы? Адна з іх функцый вельмі простая - дакладна паказаць, пра каго ідзе размова.

    Уладзіслаў прыгадвае выпадак з беларускай прэсы, дзе паведамлялася, што эстонскі прэзідэнт пабраўся шлюбам з «кіраўніком кібербяспекі» Латвіі. Мужчынская форма «кіраўнік» прывяла да таго, што частка чытачоў літаральна зразумела навіну як паведамленне пра шлюб двух мужчын. У самім матэрыяле былі фатаграфіі і кантэкст, але першае ўражанне ўжо ўзнікла. Адна «кіраўніца» магла б адразу прыбраць двухсэнсоўнасць.

    Таму размова пра фемінітывы - гэта не толькі дыскусія пра моўную моду або ідэнтычнасць. Часам гэта проста пытанне дакладнасці.

    Але як назваць, напрыклад, жанчыну ў зняволенні? У беларускай мове ёсць добра вядомае слова «вязень». Але якой будзе жаночая форма?

    Менавіта тут пачынаецца самае цікавае. Высвятляецца, што беларуская мова прапаноўвала не адзін, а адразу некалькі варыянтаў. Але што з імі сталася? Ці памятаеце вы хаця б адно такое слова?

    У дыялектах і старых тэкстах можна сустрэць словы «вязнеўка» і «вязнёўка». Мовазнаўца Алесь Каўрус фіксаваў гэтую форму, у тым ліку ў дачыненні да жанчын, якія прайшлі праз палітычнае зняволенне і ГУЛАГ.

    На Віцебшчыне існавала форма «вязнярка». Так, напрыклад, казала бабуля Уладзіслава. У іншых гаворках сустракалася «вязнічка».

    Была нават спроба замацаваць у слоўніках слова «вязніца» як жаночую форму ад «вязень». То бок ёсць слова «вязніца», дзе націск на «і». Гэта «турма». А нашае слова мела націск на «я» - «вЯзніца». Але ў жывой мове яно амаль не прыжылося.

    То бок мова ўжо мела некалькі спосабаў назваць жанчыну, якая знаходзілася ў зняволенні. Але гэтыя словы альбо заставаліся рэдкімі і дыялектнымі, альбо былі вядомыя не дужа шырокаму колу людзей.

    І таму ў 2022 годзе каманда праекта ў падтрымку жанчын-палітзняволеных сутыкнулася з той жа праблемай. Якую форму выкарыстаць, калі слова «вязень» ёсць, а натуральны і зразумелы ўсім жаночы адпаведнік знайсці складана? Так і з'явіўся наватвор «палітвязынка».

    Слова выклікала дыскусію і спрэчкі ў мовазнаўцаў. Яго структура незвычайная для традыцыйнага беларускага словаўтварэння, ды нават націск пакуль не стаў цалкам устойлівым.

    Але сама гісторыя яго з'яўлення паказальная. Пра тое, куды знікаюць старыя словы і адкуль бяруцца новыя, на гэтым тыдні і размаўляем.

    Падкаст зроблены пры падтрымцы Belarus FM ¹ .

    Тэкставая версія на нашым сайце: https://belarus.fm/rheme-catcher/gem-03/

    Калі вы жадаеце даслаць свае слоўкі, дадаткова да каментароў прапануем наш e-mail для сувязі. Памятайце, што ліст можна выдаліць з папкі «Адпраўленыя».

    Наш адрас: [email protected]

    ¹ Belarus FM – медыйная платформа некамерцыйнай арганізацыі Belarus Freedom Media, VšĮ, зарэгістраванай у Літве.

    14 min
  • Хто такія «мальцы»? Патаемная мова гей-кам’юніці і два беларускія словы на мяжы знікнення

    Колькасць віцеблянізмаў вымяраецца сотнямі. Частка з іх увайшла ў вядомы краёвы слоўнік М. Каспяровіча, выдадзены каля ста гадоў таму. Іншыя былі сабраныя філолагамі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава і ўключаныя ў двухтомныя дыялектныя выданні. Але нават гэтыя працы не ахопліваюць усяго моўнага багацця рэгіёна.

    Шмат словаў так і не былі пашпартызаваныя – не атрымалі дакладнага тлумачэння. Некаторыя словы даследчыкі зафіксавалі, але падалі толькі адно з іх значэнняў. Іншыя дагэтуль жывуць выключна ў вуснай мове.

    Таму ў другім эпізодзе падкаста «Лоўца Слоўцаў» Жэня і Уладзік (Уладзіслаў Гарбацкі – сацыялінгвіст, гендарны даследнік) выпраўляюцца на першую сцежку свайго моўнага лесу – шукаць віцеблянізмы.

    Што такое віцеблянізмы? Гэта словы і выразы, характэрныя для Віцебска і паўночна-ўсходняй Беларусі. Яны могуць сустракацца таксама на Аршаншчыне, Полаччыне, Магілёўшчыне і нават на Смаленшчыне, але ў свядомасці многіх людзей звязваюцца менавіта з Віцебскам.

    Трэба слухаць, як размаўляюць людзі, звяртаць увагу на мясцовыя выразы, параўноўваць іх са старымі запісамі і высвятляць, як словы змяняліся з цягам часу. Бо можа быць і так, што слова ўжо нібыта змешчана ў слоўнік, але працягвае супраціўляцца дакладнаму вызначэнню. Яно выходзіць за межы слоўнікавага артыкула, абрастае новымі сэнсамі і жыве далей.

    Менавіта так адбылося са словам «малец». Яго можна назваць адным з найбольш вядомых віцеблянізмаў і візітоўкай гэтага рэгіёна.

    «Мальцы» – гэта хлопцы, падлеткі і мужчыны ў прынцыпе. А ў асобным кантэксце яшчэ і партнэры або прывабныя прадстаўнікі гей-супольнасці.

    Не ўсе гэтыя значэнні зафіксаваныя ў слоўніках дасюль. Таму «малец» застаецца жывым словам, якое працягвае развівацца і выходзіць за межы традыцыйных тлумачэнняў.

    «Умызгі» выкарыстоўвалі ў Віцебску, Лёзне, Воршы, Дуброўне і іншых мясцінах паўночна-ўсходняй Беларусі. Слова сустракаецца ў запісах этнографаў XIX стагоддзя, у старых народных песнях і рэгіянальных слоўніках.

    У старых запісах таксама можна сустрэць фразы: «Дзеўкі пайшлі ўмызгі». «Мальцы пайшлі ўмызгі». Але што ж гэта азначае?

    «Умызгі» – гэта залёты, або рамантычная сустрэча з чалавекам, які табе падабаецца. У сучаснай мове можна было б сказаць «спатканне», «амурная сустрэча» або «рандэву». Але слова «ўмызгі» мае асаблівае эмацыйнае адценне. Гэта хутчэй далікатная, яшчэ платанічная стадыя заляцанняў.

    Яго варта вярнуць хаця б дзеля таго, каб не кожную рамантычную сустрэчу называць «дэйтам», «рандэву» або «стрэлкай».

    Нашы бабулі і дзядулі хадзілі ўмызгі. Магчыма, гэта могуць рабіць і сучасныя беларусы.

    Трэцяе слова амаль знікла. Гэта яшчэ адзін вядомы віцеблянізм, які ўжо апынуўся ў зоне моўнай рызыкі. Ён зафіксаваны ў дыялектных слоўніках і ў краёвым слоўніку Каспяровіча, але сёння яго амаль не выкарыстоўваюць. Нават у самім Віцебску многія людзі здзіўляюцца, калі чуюць гэтае слова.

    Што такое калакалуха? Гэта дрэва з белымі кветкамі, якое звычайна квітнее ў канцы красавіка або на пачатку траўня. Яго лёгка пазнаць па моцным салодкім паху, які асабліва адчуваецца ўвечары. Па сутнасці, гэта сінонім да слова «чаромха», але больш старажытнае.

    Калакалуха пачынае цвісці амаль у той жа час, што і бэз. Але калі бэз добра вядомы і любімы, то калакалуха часта застаецца ў яго цені. Яна нібыта моўная і батанічная Папялушка бэзу.

    Тры віцеблянізмы паказваюць тры розныя шляхі, якімі могуць жыць словы.

    І слова не абавязкова знікае назаўсёды. Часам дастаткова зноў яго вымавіць, растлумачыць іншаму чалавеку і выкарыстаць у новым сказе. Яно можа вярнуцца ў мову. Менавіта гэтым і займаюцца Лоўцы Слоўцаў.

    Падкаст зроблены пры падтрымцы Belarus FM ¹ .

    Тэкставая версія на нашым сайце: https://belarus.fm/rheme-catcher/gem-02/

    Калі вы жадаеце даслаць свае слоўкі, дадаткова да каментароў прапануем наш e-mail для сувязі. Памятайце, што ліст можна выдаліць з папкі «Адпраўленыя».

    Наш адрас: [email protected]

    ¹ Belarus FM – медыйная платформа некамерцыйнай арганізацыі Belarus Freedom Media, VšĮ, зарэгістраванай у Літве.

    11 min
  • Аўдыяслоўнік знікаючых, падзабытых і новых словаў беларускай мовы: Знаёмства

    Некаторыя словы заўсёды знаходзяцца побач з намі. Мы чуем іх у размовах, сустракаем у кнігах, выкарыстоўваем, амаль не задумваючыся пра іх гісторыю. Іншыя словы паступова адыходзяць убок. Яны застаюцца ў старых слоўніках, у творах класікаў і класікінь, у гаворцы нашых бабуль і дзядуль або жывуць толькі ў пэўным рэгіёне.

    Часам такое слова можна нечакана пачуць у вёсцы, у размове з роднымі або падчас звычайнай вандроўкі. Яно нібыта нікуды не знікала – проста чакала, пакуль яго зноў заўважаць.

    У новым падкасце «Лоўца Слоўцаў» Жэня і Ўладзік (Уладзіслаў Гарбацкі – сацыялінгвіст, гендарны даследнік) выпраўляюцца на пошукі такіх словаў. Яны збіраюць рэгіянальныя выразы, павяртаюць у актыўную мову падзабытыя словы, размаўляюць пра фемінітывы і назіраюць за тым, як беларуская мова стварае новыя формы.

    Але чаму менавіта «лоўца слоўцаў» ці «лоўца слоў»?

    Ідэя назвы ўзнікла з вобраза лаўца сноў – традыцыйнага абярэга, звязанага з культурай карэннага народа Аджыбвэ ў Паўночнай Амерыцы.

    Асновай лаўца сноў звычайна служыць кола, унутры якога пляцецца сетка. Паводле адной з традыцый, добрыя сны знаходзяць праз яе шлях да чалавека, а цяжкія і трывожныя заблытваюцца ў павуцінні і знікаюць з першымі промнямі сонца. Пер’е, якое часта дадаюць да абярэга, звязваюць з паветрам і рухам сноў.

    У адной з легенд распавядаецца пра павучыху, якая клапацілася пра дзяцей свайго народа. Калі людзі разышліся па розных землях і яна ўжо не магла знаходзіцца побач з кожным, яна пачала ткаць ахоўную сетку, каб аберагаць іх падчас сну.

    Так лоўца сноў паступова ператварыўся ў лоўца слоў. Бо ў яго сетку трапляюць не сны, а словы, якія маглі згубіцца, застацца незаўважанымі або адысці ў пасіўную мову. Іх важна не толькі знайсці, але і разгледзець, зразумець, захаваць і вярнуць людзям.

    Мову лёгка ўявіць вялікім хорам. Кожны голас у ім гучыць па-свойму, але разам яны ствараюць агульную мелодыю. Калі нейкія галасы знікаюць або іх прымушаюць маўчаць, увесь хор становіцца бяднейшым.

    Так адбываецца і са словамі. Пад уплывам русіфікацыі, уніфікацыі мовы і іншых гістарычных працэсаў частка беларускай лексікі была выцесненая або змаргіналізаваная. Некаторыя словы перасталі выкарыстоўваць у публічнай прасторы, іншыя захаваліся толькі ў рэгіянальнай гаворцы або сямейнай памяці. Аднак падзабытае слова – яшчэ не страчанае слова.

    Яно можа працягваць жыць у старым слоўніку, літаратурным творы або ў маўленні чалавека, які карыстаецца ім штодня і нават не лічыць яго такім рэдкім.

    Таму ў гэтым сэнсе словы падобныя яшчэ і да амулетаў. Мы захоўваем іх, але адначасова і яны захоўваюць нас – нашу памяць, адметнасць і сувязь з людзьмі, якія размаўлялі на гэтай мове раней.

    Чым больш такіх слоў вяртаецца да нас, тым больш абароненай ад забыцця становіцца сама мова.

    Але нават прафесійныя мовазнаўцы не могуць ведаць усіх рэгіянальных слоў і мясцовых асаблівасцей. Не заўсёды ёсць магчымасць паехаць у патрэбную мясцовасць і пачуць жывую гаворку. Таму гэты падкаст задуманы як двухбаковы працэс.

    Слухачы і слухачкі могуць дзяліцца сваімі словамі, успамінамі, кантэкстамі і нюансамі. Распавядаць, як размаўляюць у іх горадзе, вёсцы або нават у іх сям’і. Удакладняць значэнні і дапаўняць гісторыі.

    Калектыўны розум здольны захаваць значна больш, чым нават самы таленавіты асобны даследчык.

    Можа быць, недзе проста зараз у размове гучыць слова, якога няма ў сучасных падручніках і медыя. Але для чалавека, які яго вымаўляе, яно цалкам звычайнае. А вось для ўсіх астатніх яно можа стаць новай сцежкай у вялікім лесе беларускай мовы.

    Трэба толькі паспець яго пачуць – і злавіць.

    Падкаст зроблены пры падтрымцы Belarus FM ¹ .

    Тэкставая версія на нашым сайце: https://belarus.fm/rheme-catcher/gem-01/

    Калі вы жадаеце даслаць свае слоўкі, дадаткова да каментароў прапануем наш e-mail для сувязі. Памятайце, што ліст можна выдаліць з папкі «Адпраўленыя».

    Наш адрас: [email protected]

    ¹ Belarus FM – медыйная платформа некамерцыйнай арганізацыі Belarus Freedom Media, VšĮ, зарэгістраванай у Літве.

    18 min

About Лоўца Слоўцаў

From the publisher's feed

Лоўцы слоўцаў Жэня і Ўладзік (Уладзіслаў Гарбацкі – сацыялінгвіст, гендарны даследнік) выпраўляюцца на паляванне ў моўны лес, дзе шукаюць знікаючыя, падзабытыя і новыя словы беларускай мовы. Гэта…