Канановіч Мікола паэт, празаік, журналіст.
Нарадзіўся 13 сакавіка 1965 года ў вёсцы Вострава Слонімскага раёна ў сям’і калгаснікаў. Скончыў Востраўскую ВШ (1980) і Міжэвіцкую СШ (1982), Гродзенскае прафтэхвучылішча №41 (1983). Працаваў кінамеханікам, служыў у войску, працаваў у калгасе “Рассвет” на Слонімшчыне. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта (1992) шэсць гадоў выкладаў беларускую мову і літаратуру ў СШ №8 г.Слоніма. З 1998 года працуе ў рэдакцыі “Газеты Слонімскай”. З 2020 года — галоўны рэдактар выдання.
Друкуецца з пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя ў літаратурных часопісах “Першацвет”, “Маладосць”, “Крыніца”, “Роднае слова”, “Правінцыя”, “Дзеяслоў” і іншых перыядычных выданнях. Адзін з аўтараў калектыўных зборнікаў паэзіі “Квадра” (1990), “Анталогія маладога верша” (2001), “Верш на свабоду” (2002), “Галасы” (2003, 2005) і ўсіх выпускаў літаратурнага альманаха “Новы замак”. Укладальнік і рэдактар зборніка “Паэтычная Слонімшчына” (2000) і двух выпускаў літаратурнага альманаха “Ад Я да Я” (2001, 2003) падлеткавага клуба “Святліца”, што дзейнічаў у Слоніме пры грамадскім аб’яднанні “Воля да развіцця”.
Аўтар кніг паэзіі “І доўжыцца ноч…” (2003) і “Вяртанне восені” (2019).
Сябра ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і «Беларускай асацыяцыі журналістаў». Жыве ў вёсцы Пятралевічы на Слонімшчыне.