Прайшло ўжо шэсць гадоў з дня прэзідэнцкіх выбараў і масавых пратэстаў 2020 года. За гэты час многае змянілася. Час ідзе, палітзняволеныя выходзяць на волю: хтосьці — у выніку дамоўленасцяў паміж ЗША і рэжымам Лукашэнкі, хтосьці — пасля заканчэння тэрміну зняволення.
Але сёння мы пагаворым пра тое, што за гэтыя шэсць гадоў адбылося з беларускім дэмакратычным рухам.
Частка лідараў, за якімі беларусы ішлі ў 2020 годзе, цяпер на волі. Гэта Віктар Бабарыка, Сяргей Ціханоўскі і Марыя Калеснікава. Аднак, як паказвае час, у кожнага з іх сваё бачанне таго, якой сёння павінна быць барацьба з рэжымам Лукашэнкі.
Што адбываецца з беларускім дэмакратычным рухам? Якія стратэгіі прапануюць яго розныя лідары? Чаму тыя, за кім беларусы ішлі ў 2020 годзе, сёння не могуць прыйсці да агульнага бачання? І ці патрэбны беларускім дэмакратычным сілам гэты агульны знаменнік увогуле? Разабрацца ва ўсім гэтым нам дапаможа палітолаг Аляксандр Фрыдман.
Акрамя гэтага, вас чакае размова з былым палітзняволеным і журналістам Ігарам Карнеем пра рэжым інкамунікада: што ён уяўляе сабой, навошта беларускія ўлады яго выкарыстоўваюць і што адбываецца з чалавекам, калі яго фактычна ізалююць не толькі ад грамадства, але і ад блізкіх ды знешняга свету.
Вядучы перадачы Глеб Анікевіч.