Пра складанасці з вяртаннем да мірнага цывільнага жыцця былых ваяроў ужо казалі не раз. Але калі ва Украіне яшчэ магчыма атрымаць дапамогу ў выпадку з ПТСР і гэтак далей ад тых, хто прафесійна такімі пытаннямі і іх вырашэннем займаецца, то ў Еўропе сітуацыя іншая. Асабліва калі гаворка ідзе пра беларускіх добраахвотнікаў, якія ваявалі на баку Украіны. Ні адпаведных структур, ні фінансаў на гэта няма, і вельмі часта спраўляцца са сваімі як фізічнымі, так і псіхічнымі хваробамі байцы вымушаныя самастойна. Вось толькі не заўсёды спраўляюцца і часам гэта прыводзіць да трагедый. Адна з іх здарылася ў Гданьску, дзе былы ваяр палка “Пагоня” дзейсніў гвалт у дачыненні да сябра і скончыў жыццё самагубствам.
Ці існуюць праграмы дапамогі і рэабілітацыі для беларускіх добраахвотнікаў і хто адказвае за гэты накірунак? Чаму так мала ўвагі надаецца пытанням лячэння і рэабілітацыі былых ваяроў і як гэтую сітуацыю пераламіць? Ці магчыма, каб беларуская дыяспара паклапацілася пра фінасаванне дапамогі добраахвотнікам? На гэтыя ды іншыя пытанні ў жывым эфіры Еўрарадыё адказвае кіраўнік Камісіі Каардынацыйнай рады па нацыянальнай і рэгіянальнай бяспецы, сябра Камісіі па вайсковым накірунку, былы баец Палка імя Кастуся Каліноўскага Аляксандр “Кусь” Клачко.