26 снежня ў Купалаўскім тэатры прэм’ера спектакля паводле Шэкспіра — “Кароль Лір”. У пастаноўцы задзейнічаны практычна ўвесь мужчынскі акцёрскі склад тэатра, прызнаваўся мастацкі кіраўнік і рэжысёр Мікалай Пінігін. Галоўную ролю выконвае народны артыст Беларусі Віктар Манаеў.
Сюжэт даволі просты: выхаваўшы трох дачок, кароль Лір, стаміўшыся ад праўлення, дзеліць дзяржаву на часткі і аддае карону. Стомлены і знясілены ўладар хоча дажыць свае дні ў любові. Але нашчадкі пастанаўляюць інакш. Новае пакаленне пераймае ўладу, адмаўляючыся ад роднага бацькі і старога караля. Цяпер ён выгнаннік у голым полі, дзе ад колішняй велічы засталіся адно цьмяныя ўспаміны. Паволі перад Лірам паўстае жудасная карціна чалавечага крывадушша і сквапнасці.
П’есы Уільяма Шэкспіра — універсальныя гісторыі, якія працягваюць задаваць людзям важныя пытанні пра іх сутнасць. Рэжысёр Мікалай Пінігін гэтым разам паспрабуе задаць такія пытанні беларускай публіцы. Пытанні пра самаўпэўненасць, прагу спагады, віну, крыўду і мяжу вар’яцтва. Усё гэта — “Кароль Лір”.
У трансляцыі Еўрарадыё Мікалай Пінігін паспрабуе расказаць пра тонкасці і складанасці пастановак па Шэкспіру. Чаго чакаць ад новай пастаноўкі? Ці не састарэў Шэкспір для сучаснага гледача? Ці адаптавалася неяк пад сучаснасць арыгінальная п’еса? Што складанага было падчас падрыхтоўкі спектакля?