Пасля таго як невядомы напаў на рэжысёра і аператара Мікалая Купрыча, які гуляў па Кастрычніцкай у ЛГБТ-кампаніі, карыстальнікі сацсетак запусцілі флэшмоб #яп*дор.
Пад тэгамі #п*дарскаякастрычніцкая, #нянавісцьгэтаненорма ды #гамафобіязабівае беларусы пішуць пра сваё стаўленне да сітуацыі, а таксама выказваюць словы падтрымкі ў адрас прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці, якія час ад часу пакутуюць ад непрыязнасці і гвалту гамафобаў (у кастрычніку 2015 года памёр збіты пасля гей-вечарыны Міхаіл Пішчэўскі. — Еўрарадыё].
У адказ на флэшмоб праваабаронца Андрэй Бандарэнка апублікаваў на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку" пост, у якім азадачыўся пытаннем: "Можа, хопіць ужо паўсюдна прапіхваць ЛГБТ-тэматыку і істэрычна навязваць яе ўсім і ўся, нягледзячы на культурныя традыцыі, сямейныя каштоўнасці і відавочнае непрыманне вычварэнняў большасцю?"
"Людзі не ўмеюць разумець і прымаць". Як бацькі жывуць пасля камінг-аўту дзяцей
Праваабаронца не аспрэчвае віну нападніка. Ён лічыць, што ў падобных сітуацыях адказваць перад законам павінен кожны, нягледзячы ні на што. Як піша сам Андрэй Бандарэнка, яго проста "рэальна дастала гэта п*дарская тэматыка", маўляў, з такім поспехам хутка будуць запускаць акцыі #янеп*дор.
Пост выклікаў бурную рэакцыю ў фэйсбук-карыстальнікаў. Некаторыя каментатары паставілі пад сумнеў прафесіяналізм праваабаронцы.
Як ставяцца ў Беларусі да прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці ў XXI стагоддзі? Ці паўплывала на сітуацыю смерць Міхаіла Пішчэўскага? Флэшмоб #яп*дор — прапаганда вычварэнняў ці акт салідарнасці з ахвярамі гамафобаў? Гэтыя і іншыя тэмы абмяркоўваем з гасцямі Еўрарадыё — праваабаронцам Андрэем Бандарэнкам і ЛГБТ-актывістам Андрэем Завалеем.