На прэзентацыю альманаха moloko puls, якая мусіць прайсці ў мінскім Прэс-клубе, завітала міліцыя. Пра гэта паведамілі ўдзельнікі альманаха ў сябе на старонцы ў Тэлеграме:
“Сябры. Супрацоўнікі міліцыі ля дзвярэй Прэс-клуба апытваюць наведнікаў нашай прэзентацыі і патрабуюць іх пашпартныя дадзеныя. Здымаюць усё на відэа. Будзьце асцярожныя, узважце ўсе рызыкі, калі збіраецеся да нас прыйсці”.
Пазней стала вядома, што дваіх выступоўцаў, якія мусілі ўдзельнічаць у прэзентацыі, затрымалі. Паўла Нікуліна і Яна Патарскага павезлі ў Савецкі РУУС.
moloko plus — гэта некамерцыйны альманах, прысвечаны праблемам гвалту. У ім працуюць прафесійныя журналісткі і журналісты, “якія стаміліся ад цэнзуры і ангажаванага парадку дня ў расійскіх федэральных медыя”.
Раней выйшлі тры нумары альманаха — “Тэрарызм”, “Наркотыкі” і “Рэвалюцыя”. Цяпер каманда працуе над чацвёртым нумарам — “Патрыярхат”.
На лекцыі ў мінскім Прэс-клубе рэдакцыя альманаха мусіла распавесці, як сабраць грошы на ўласны праект, арганізаваць працу ў гарызантальнай рэдакцыі і даць рады юрыдычным, этычным і эканамічным праблемам.