Легітымізацыя анексіі Крыма і вайны на ўсходзе Украіны ўжо сёмы год з'яўляецца адным з ключавых напрамкаў расійскай прапаганды. Аднак пасля прыняцця паправак у Канстытуцыю РФ і так званага рэферэндуму, які абнуліў тэрміны прэзідэнцтва Уладзіміра Пуціна, афіцыйная рыторыка Крамля стала нашмат больш адкрытай. Напярэдадні плебісцыту Уладзімір Пуцін, у прыватнасці, заявіў пра "падарункі рускага народа" былым савецкім рэспублікам, што фактычна з'яўляецца адкрытай пагрозай наступнымі тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі, перакананыя эксперты.
Каму найперш скіраваныя згаданыя меседжы расійскай прапаганды і пры чым тут Беларусь? Навошта Крамлю апрацоўваць “украінскім пытаннем” беларускую аўдыторыю? Як супрацьстаяць расійскай прапагандзе?
На гэтыя ды іншыя пытанні ў жывым эфіры Еўрарадыё адказваюць дырэктар па даследаваннях міжнароднай бяспекі Еўрапейскай экспертнай асацыяцыі эксперт iSANS Марыя Аўдзеева і медыяэксперт і палітычны аналітык Паўлюк Быкоўскі.