Пандэмія каранавіруса ўдарыла па ўсіх сферах дзейнасці, нават нягледзячы на тое, што каранціну ў Беларусі не было і няма. Самыя вялікія фінансавыя цяжкасці адчуваюць тыя, чый заробак залежыць ад кліентаў і гледачоў.
"Альтэрнатыўная культура загібаецца, усе найбліжэйшыя калегі, як і я сама, засталіся цалкам без заробку", — расказвае кіраўнік тэатральнай кампаніі "МюзікЛэнд" менеджар Тэатра HomoCosmos Вольга Нікалаеўская ў студыі Еўрарадыё.
Разам з ёй і дырэктарам фестывалю "Тэатральны куфар" прадзюсарам незалежнай тэатральнай кампаніі HomoCosmos Кацярынай Саладухай абмяркоўваем, з якімі праблемамі сутыкнуліся ўдзельнікі альтэрнатыўных тэатральных праектаў, і шукаем магчымасці іх вырашэння.