Эфата

Эфата

By Radio Vaticana - Vatican NewsSociety & Culture
Download on the App Store

Эфата episodes

  • Палітыка ці місія?
    Гэтая перадача прысвечана разважанню пра ролю Касцёла ў сучаснасці. Каталіцкае сацыяльнае навучанне сярод іншага сцвярджае важнасць правоў чалавека і гарантаванне базавых грамадзянскіх і палітычных свабод, але абарона гэтых правоў не з'яўляецца асноўным прыярытэтам Касцёла.
    Галоўны прыярытэт Касцёла – збаўленне душ. Salus animarum – suprema lex, збаўленне душ – найвышэйшы закон. Так гучыць асноўны слоган Касцёла і ён выражае нешта большае, чым змена грамадскага ладу на зямлі. Ён выражае глыбокую веру ў тое, што Божае Валадарства – гэта дар з вышынь, а месца яго пабудовы – нашыя сэрцы.
    11 min
  • Касцёл ва ўмовах аўтарытарызму. Прыярытэты
    Гэты выпуск прысвечаны разгляду базавых прыярытэтаў, якія ёсць у Каталіцкага Касцёла незалежна ад таго, дзейнічае ён у дэмакратычнай, ці недэмакратычнай краіне, у краіне прыязнай Касцёлу ці непрыязнай, эканамічна развітай ці на шляху развіцця. Першаснай задачай Касцёла ёсць збаўленне душ з выкарыстаннем сродкаў, даручаных яму Хрыстом. Такімі сродкамі з’яўляюцца: 1) служэнне сакрамэнтаў; 2) абвяшчэнне Добрай Навіны аб надыходзе Божага Валадарства; 3) учынкі міласэрнасці. Гэта тое, што ўтварае сарцавіну дзейнасці Касцёла. Калі яе забраць, Касцёл перастаў бы быць Касцёлам.
    11 min
  • Каталіцкія біскупы наконт Fiducia supplicans
    Гэты выпуск перадачы Эфата прысвечаны разгляду некаторых непаразуменняў, якія паўсталі ў ходзе дыскусій вакол Дактрынальнай дэкларацыі Дыкастэрыі Веравучэння Fiducia supplicans і паведамлення беларускіх біскупаў у адказ на яе.
    11 min
  • Цёмны бок “сексуальнага вызвалення”
    Гэты выпуск падкаста Эфата прысвечаны таму, як выглядала справа змагання з педафіліяй у свецкіх інстытутах або асяроддзях у 1970-80-х гадах. На ўзроўні заканадаўства заўсёды існавала забарона сексуальных стасункаў дарослых з дзецьмі, але на практыцы многія з іх не прымяняліся, асабліва ў кантэксце ідэяў “сексуальнага вызвалення” і “разбурэння сексуальных табу”.
    Аўтар падкрэслівае, што ў той час як Касцёл ніколі не падтрымліваў і не апраўдваў педафілію, хаця ўнутры яго і былі выпадкі выкарыстання дзяцей, свецкія левыя рухі прасоўвалі і апраўдвалі яе. І гэта не магло не адбівацца ў практычным вымярэнні. Бо кожны артыкул у падтрымку педафіліі, кожны подпіс пад петыцыяй у падтрымку асуджаных педафілаў (бо былі такія петыцыі), кожнае “акадэмічнае” даследаванне, скіраванае на нармалізацыю педафіліі (а такія “даследаванні” былі) – усё гэта было магутным сігналам для злачынцаў: вы – на добрай дарозе, навука і прагрэсіўныя сілы на вашым баку.
    Важна памятаць, што ў гісторыі свецкіх інтэлектуальных традыцый быў даволі доўгі перыяд часу – прыблізна чвэрць стагоддзя – які характарызаваўся маральным апраўданнем педафіліі ў імя прагрэсу і вызвалення. І калі хтось сапраўды зацікаўлены вырашэннем гэтай праблемы ў будучым, то мусіць даць адпаведную ацэнку гэтым традыцыям.
    10 min
  • Педафілія ў Касцёле. Дзве крайнасці
    Многіх католікаў турбуе пытанне: як быць з выпадкамі педафіліі з боку духоўных асобаў, а таксама выпадкаў “замятання праблемы пад дыван”, нерэагавання на скаргі.
    Аўтар падкаста вызначае два крайніх падыхода да гэтай тэмы. Першая крайнасць – “маральная паніка”, якая палягае ва ўяўленні, што ўвесь Касцёл уздоўж і ўпоперак прасякнуты педафіліяй – яўнай або схаванай. Праблема настолькі паўсюдная, што наўрад ці ёсць іншае выйсце, як толькі самаліквідацыя Касцёла як інстытуцыі. Другая крайнасць – “перавод стрэлак”. Гэта своеасаблівая стратэгія барацьбы за “добры імідж” Касцёла, якая палягае ў тым, што на любое данясенне аб сексуальных злачынствах у Касцёле рэагуецца агрэсіўна, пераводзячы ўвагу на выпадкі педафіліі па-за Касцёлам. Тыповым для гэтай другой рэакцыі ёсць цверджанне, што ўсе гэтыя размовы пра педафілію ў Касцёле – гэта спробы знішчыць Касцёл, што яны цалкам або ў большасці фальшывыя, і што трэба проста процідзейнічаць такім размовам.
    Аўтар заклікае да адкрытасці (Эфата!), слухання ахвяр і прызнання ўсяго спектра праблемы. Ён жадае ўсім адвагі і духа праўды, адвагі прыняць праўду такую, якая яна ёсць, а таксама адвагі проціпастаўляцца хлусні.
    11 min
  • Педафілія ў Касцёле і па-за ім
    Гэты выпуск прысвечаны тэме педафіліі і спосабаў процідзеяння ёй. Сексуальнае выкарыстоўванне дзяцей – гэта праблема, якая пранізвае самыя розныя абшары, арганізацыі і структуры. Каталіцкі Касцёл з’яўляецца адным з такіх абшараў – гэта праўда. І да той пары, пакуль гэта праблема хоць у мінімальнай ступені прысутнічае ўнутры гэтай інстытуцыі, неабходны рашучыя крокі па яе выкараненню. Аднак няпраўда, што Касцёл з’яўляецца галоўным абшарам гэтай праблемы. Чаму важна гэта падкрэсліваць? Важна гэта не толькі – і не столькі – з увагі на інстытуцыю Касцёла, якая насамрэч дастаткова моцная, каб абараніцца і ператрываць. Гэта важна перадусім з увагі на ахвяры педафіліі, а таксама тых, хто можа стаць такой ахвярай. Бо калі ёсць скажонае ўяўленне пра Касцёл як нібыта асноўны абшар педафіліі, то тыя злачынствы, якія дзеюцца па-за Касцёлам, могуць застацца па-за ўвагай. І праблема нікуды не знікне.
    11 min
  • Бог з намі
    “О Эмануэль, Валадар наш і Заканадаўца, спадзяванне народаў і Збаўца іх, прыйдзі ўратаваць нас, Госпадзе, Божа наш!”
    Гэты выпуск прысвечаны Дню Божага Нараджэння – Урачыстасці Таямніцы Уцелаўлення. Ён распачынаецца з антыфоны, якая чытаецца або спяваецца падчас літургіі Вячэрні (Нешпары) у перадапошні дзень Адвэнту. Антыфона пачынаецца ад ускліку “О Эмануэль!”, што значыць, як многія хіба ведаюць, “Бог-з-намі”. Што гэта азначае? Якія сэнсы за гэтым стаяць? Адказ на гэтыя пытанні дае падкаст Эфата.
    11 min
  • Агонь міру і слова Яна Паўла ІІ
    15 снежня 2023 года ў Беларусь прыбыў Агонь міру з Бэтлеема. Дэвіз акцыі – Будзем чыніць мір. З гэтай нагоды прыгадаліся пасланні святога Яна Паўла ІІ з пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя. З таго часу прыйшло ўжо больш за чатыры дзесяцігоддзі. Айчына Яна Паўла ІІ даўно вызвалілася ад аўтарытарызму, шмат што змянілася ў Еўропе і ў свеце. Але ёсць як мінімум дзве прычыны, па якіх мае сэнс звярнуцца да той эпохі і звярнуцца да слоў тагачаснага Папы, дужа блізкага, напэўна, не толькі палякам, але і нам, беларусам: 1) пытанне міру сёння надзвычай актуальнае для Беларусі і рэгіёна; 2) паняцце міру ўсцяж часта злоўжываецца рознымі аўтакратамі.
    1980-1981 гады ў Польшчы былі часам вялікага грамадскага ўздыму ў імя правоў працоўных, дэмакратыі і незалежнасці. 13 снежня 1981 года тагачасныя ўлады на чале з генералам Войцехам Ярузэльскім увялі ў краіне ваеннае становішча, якое стварыла ўмовы для жорсткай расправы з дэмакратычнай апазіцыяй. У выніку рэпрэсіўных дзеянняў 40 мірных грамадзянаў загінулі, больш за 10 тысяч апынулася ў месцах зняволення, дзясяткі тысячаў эмігравалі.
    Паказальна, што праводзячы жорсткую расправу з уласнымі грамадзянамі, тагачасныя польскія ўлады ўвесь час спасылаліся на каштоўнасць міру і бяспекі. Маўляў, усё гэта прадыктавана неабходнасцю захаваць мір і абараніць народ ад хаосу і іншых непрыемных наступстваў.
    Вось у такім кантэксце з’яўляецца некалькі пасланняў святога Яна Паўла ІІ аб міры. Пасланні былі скіраваны да ўсяго свету, але няма сумневу, што падзеі ў Айчыне Папы наклалі свой адбітак на іх змест і акцэнты.
    10 min
  • Еванлелле супраць тэрарызму
    Гэты выпуск працягвае знаёміць з эпохай, калі жыў і дзейнічаў Езус і калі ўсё пачыналася: паўставала супольнасць Касцёла, пачыналася евангелізацыя, пачыналася гісторыя хрысціянства. Гаворка ідзе пра палітычны кантэкст той эпохі, а дакладней, пра адзін з найбольшых выклікаў таго часу – рымскую акупацыю і гвалтоўны супраціў юдэяў.
    На той момант на чале Рымскай імперыі стаяў імператар Аўгуст. Пры ім Рым дамогся шматлікіх поспехаў. У 15 годзе да н.э. былі захоплены вялікія абшары паміж Дунаем і Альпамі. Праз два гады – Панонія і Дальматыя. Цягам наступных гадоў адбыўся шэраг паспяховых экспедыцый супраць германскіх плямёнаў, у выніку чаго замацавалася панаванне Рыму ўздоўж ракі Рэйн. Пасля гэтага запанаваў кароткі перыяд міру, званы pax romana – рымскі мір. Вонкава – прынамсі на нейкі час – сапраўды магло здавацца, што створаная Рымам сістэма эфектыўная і дзеездольная. Але гэта была вонкавасць. Пад паверхняй гэтага “міру” кіпеў гнеў, палыхала нянавісць, нарастала жадоба помсты. Так было сярод многіх паднявольных народаў, так было і ў Юдэі.
    11 min
  • Містэрыя Уцелаўлення
    Перыяд Адвэнту – гэта час чакання і падрыхтоўкі да Божага Нараджэння. Больш тэалагічная назва гэтага свята: свята Уцелаўлення, таямніца Уцелаўлення, містэрыя Уцелаўлення. У аснове свята ляжыць евангельскае вучэнне аб Слове – Логасе, якое было “на пачатку”, якое “было ў Бога”, і якое “было Богам” (пар. Ян 1:1).
    Гэтыя словы мы чуем і паўтараем часта, можа быць, занадта часта, так, што губляецца першапачатковая энергетыка гэтых слоў, іх містэрыйнае гучанне. Пачатак Адвэнту – добрая нагода ўзнавіць першапачатковае гучанне гэтых слоў, судакарынуцца з гэтай энергетыкай і стаць сведкамі Слова-Логаса, якія сваім жыццём і дзеяннямі будуць заклікаць: марана-тха! Прыйдзі, Госпадзе наш!
    Падкаст Эфата прапануе перанесціся на дзве тысячы год назад і акунуцца ў тагачасную атмасферу думак і працэсаў.
    11 min

About Эфата

From the publisher's feed

У падкасце „Эфата“ аўтар засяроджваецца на розных формах узаемадзеяння Касцёла са светам – светам палітыкі, культуры, навукі, рознага роду каштоўнасных трэндаў. “Эфата” – гэта тое слова, якое…