Эфата

Эфата

By Radio Vaticana - Vatican NewsSociety & Culture
Download on the App Store

Эфата episodes

  • Ці тэалогія – гэта навука? Пяць закідаў
    У мінулых выпусках гаворка ішла пра месца рэлігіі ў грамадскім жыцці, а таксама пра тое, ці яна можа быць перашкодай у навуковым даследаванні. На гэты раз аўтар прапануе паразважаць наконт таго, ці з’яўляецца навукай тэалогія. Або інакш: чаму некаторыя лічаць, што гэта – не навука, а яшчэ некаторыя дадаюць: ...і не можа быць навукай!
    У чым сутнасць праблемы? Калі коратка, то праблема ў звышнатуральнай рэчаіснасці. Такія паняцці, як Бог, несмяротная душа, жыццё вечнае, анёлы, Валадарства Божае, на думку многіх метадолагаў не могуць быць часткай навукі.
    Праблема звышнатуральнасці, бадай, самая галоўная, але ёсць яшчэ некалькі, якія часта ўспрываюць дыскусіях пра тэалогію. Гэта такія праблемы, як неправяральнасць тэалагічных сцверджанняў, спрэчныя дапушчэнні, умяшанне ўладаў Касцёла ў тэалогію, а таксама дагматызм і эмацыянальная ангажаванасць. Падрабязней пра гэта – у нашым падкасце.
    11 min
  • Рэлігія шкодзіць розуму? Скажыце гэта Мендэлю або Леметру
    “Рэлігійная вера – ненавуковая, таму яна павінна быць выключана з публічнай прасторы” – так гучыць адзін з аргументаў на карысць абмежавання ўплыву Касцёла на грамадскае жыццё. Гэтаму аргументу была прысвечана мінулая перадача. У ёй гаварылася, што рэлігійная вера, як і розныя формы міжчалавечага даверу, мае сваю ўласную каштоўнасць, нягледзячы на тое, што не падлягае прынятым у сучаснай навуцы працэдурам праверкі. Як досвед даверу паміж людзьмі, так і досвед рэлігійнай веры мае права быць часткай публічнага дыскурсу, мае права суутвараць сістэму каштоўнасцяў грамадства.
    Гэты выпуск прысвечаны развенчванню другога аргумента на карысць абмежавання або выключэння рэлігіі з публічнай прасторы. Ён сцвярджае, што рэлігія – не проста ненавуковая з’ява, але з’ява антынавуковая, яна прасоўвае спосаб мыслення, які пагражае навуковаму развіццю.
    11 min
  • Рэлігійная вера ненавуковая? Так, і гэта добра
    У гэтым падкасце аўтар працягвае разглядаць тэму практычнага вымярэння каталіцкага сацыяльнага навучання. Ёсць дыскусія вакол “недастатковага” заангажавання Касцёла ў грамадскія справы, але ёсць таксама дыскусія вакол “празмернага” заангажавання Касцёла ў гэтыя справы. Прычым абодва закіды часам з’яўляюцца на адрас адной і той жа касцёльнай структуры, а здараецца, што яны паходзяць ад аднаго і таго ж асяроддзя.
    У мінулых выпусках гаворка засяроджвалася ў асноўным на дыскусіі першага тыпу. У гэтым выпуску вядучы прапануе распачаць абмеркаванне сітуацый, калі Касцёлу закідаецца “празмернае” заангажаванне, калі з’яўляюцца пастулаты, каб Касцёл перастаў “умешвацца” – ці то ў адукацыю, ці ў пытанні медыцынскай этыкі, ці ўвогуле каб знікнуў з публічнай прасторы.
    11 min
  • Сакрэт непрымусовага ўздзеяння
    У гэтым выпуску аўтар працягвае разглядаць тэму ўздзеяння Касцёла на грамадска-палітычную рэчаіснасць. Ён вылучае дзве магчымыя формы ўздзеяння: наўпростую і апасродкаваную. Наўпростая азначала б ператварэнне Касцёла ў адну з палітычных сілаў, накшталт партыі. Гэта мела б кепскія наступствы для асноўнай місіі Касцёла – служэння сакрамэнтаў і прапаведавання Евангелля.
    Аптымальнай формай уздзеяння ёсць апасродкаванае ўздзеянне, калі Касцёл уплывае на светапогляд і на маральныя ўстаноўкі ў грамадстве, а тыя ў сваю чаргу могуць паўплываць уласна на палітычнае вымярэнне грамадскага жыцця. Пры такім падыходзе Касцёл захоўвае сваю тоеснасць як духоўная, панадпалітычная сіла. Пры гэтым застаецца ўнутры грамадства – таго самага грамадства, чальцы якога ўплываюць на палітыку. У дэмакратычных краінах уплываюць праз выбары, праз СМІ або непасрэдны ўдзел у палітычным жыцці. У недэмакратычных гэты ўплыў значна абмежаваны, прынамсі ў кароткачасовай перспектыве. У доўгатэрміновай жа перспектыве сукупнасць маральных перакананняў, якія Касцёл фармуе ў грамадстве, могуць прывесці – або значна спрычніцца – да сістэмных зменаў.
    11 min
  • Уплыў Касцёла на палітыку? Так, але не наўпрост
    У гэтым выпуску аўтар працягвае разглядаць тэму каталіцкага сацыяльнага навучання ў практыцы. Ён звяртаецца да напрацовак айца Мацея Зембы, доктара філасофскіх навук, дамініканца, аднаго з найбольш вядомых і ўплывовых экспертаў каталіцкага сацыяльнага навучання, які быў асабіста знаёмы з Янам Паўлам ІІ, удзельнічаў у напісанні шэрагу пастарскіх дакументаў для польскага епіскапату.
    Галоўны пасыл айца Зембы заключаецца ў наступным: Касцёл можа прысутнічаць як у палітычнай, так і ў метапалітычный сферы. Але не можа прысутнічаць у дзвюх сферах адначасова.
    Сэнс тут такі: калі Касцёл прэтэндуе на быццё маральным і духоўным аўтарытэтам у грамадстве і хоча рэалізаваць сваё звышнатуральнае пакліканне, то павінен адмовіцца ад непасрэднага ўдзелу ў палітычным жыцьці. На практыцы гэта азначае, што прадстаўнікі касцёльнай улады не павінны займаць дзяржаўныя пасады, не могуць быць чальцамі палітычных партый і не павінны выкарыстоўваць свой аўтарытэт у грамадстве для прасоўвання той ці іншай палітычнай сілы.
    11 min
  • Сацыяльнае навучанне ў практыцы. Роля Ватыкана
    Мінулыя выпускі былі прысвечаны сацыяльнаму навучанню Касцёла, яго біблійным і старажытнагрэцкім вытокам. Некалькі перадачаў было прысвечана тэме дэмакратыі і тыраніі. Цалкам магчыма, што падчас усіх гэтых абмеркаванняў магло паўстаць пытанне: а як выглядае практычны бок гэтага навучання? Ці ёсць нешта такое як “стасаванае” сацыяльнае навучанне, па аналогіі да, скажам, стасаванай фізікі, стасаванай матэматыкі або стасаванай псіхалогіі?
    У гэтым выпуску аўтар разглядае сацыяльнае навучанне ў больш практычным – стасаваным – ключы. Даволі папулярным з’яўляецца пытанне аб прасоўванні дэмакратыі або правоў чалавека. Ці ёсць у рамках сацыяльнага навучання Касцёла або каталіцкага сацыяльнага навучання якія-небудзь інструкцыі, рэкамендацыі, напрацоўкі ў гэтым плане? Калі казаць коратка: так, ёсць, яны раз-пораз з’яўляюцца ў рамках каталіцкага сацыяльнага навучання.
    Прасоўванне тых ці іншых палажэнняў сацыяльнага навучання можна разглядаць як мінімум у двух аспектах: прасоўванне на цэнтральным узроўні, гэта значыць, рашэннямі Ватыкана на чале з Папам, і прасоўванне на мясцовым узроўні: на ўзроўні канферэнцыяў біскупаў паасобных краін або на ўзроўні рэгіянальных касцёльных структур або на ўзроўні паасобных дыяцэзіяў.
    У гэтым выпуску разглядаецца пытанне пра ролю цэнтральных касцёльных уладаў: на ўзроўні Ватыкана, на ўзроўні Святога Пасада.
    11 min
  • Як дэмакратыя ператвараецца ў тыранію
    Мінулы выпуск быў прысвечаны разважанням Платона на тэму дэмакратыі. Гэты філосаф, ці не найбольш уплывовы цягам стагоддзяў, быў рашучым крытыкам дэмакратыі – і як дзяржаўнага ладу, і як стану душы чалавека. Гэта мела свой адбітак на сацыяльным навучанні Касцёла – як мінімум да пачатку ХХ стагоддзя Касцёл даволі насцярожана ставіўся да дэмакратыі.
    Платонаўская крытыка дэмакратыі не з’явілася на пустым месцы – як старажытнаафінская дэмакратыя, так і сучасныя дэмакратыі маюць свае заганы. Гэта, канешне, не падстава, каб адмаўляцца ад гэтай формы грамадска-палітычнага жыцця, але важна гэтыя заганы ўсведамляць. І сённяшняя перадача будзе прысвечана самай галоўнай слабасці дэмакратыі, а менавіта – яе падатлівасці на дэмагогію, з-за якой дэмакратыя можа вырадзіцца ў нешта процілеглае – у тыранію або таталітарызм.
    Дэмагогія становіцца магчымай таму, што грамадства функцыянуе без сістэмы каштоўнасцяў, без каштоўнасных пунктаў аднясення, з дапамогай якіх яны маглі б крытычна ацаніць тыя ці іншыя палітычныя заклікі. Папа Ян Павел ІІ неаднаразова паўтараў: “Гісторыя вучыць, што дэмакратыя без каштоўнасцяў ператвараецца ў яўны або замаскіраваны таталітарызм” (пар. Centesimus annus, 46).
    11 min
  • У цені Платона. Што не так з дэмакратыяй?
    Філосаф Платон крытычна ставіўся да дэмакратыі, назіраючы яе недахопы ў Афінах, дзе правёў большую частку свайго жыцця. Дэмакратыя – кажа Платон – пачынаецца ў душы чалавека. У душы чалавека дзеецца нешта, што дае пачатак “дэмакратычнаму духу”, які і прыводзіць да ўсталявання дэмакратыі як сістэмы. Што канкрэта дзеецца? Вось жа – кажа Платон – усталёўваецца ў ёй перакананне, што ўсе жаданні роўныя і павінны аднолькава паважацца.
    Платон апісвае дэмакратыю як свет, перавернуты з ног на галаву, дзе нізкія жаданні перамагаюць высокія і ўлада перадаецца тым, хто не павінен ёй валодаць.
    Так, сцвярджае аўтар падкаста, дэмакратыя – недасканая сістэма. Але яе веліч у тым, што яна змяшчае ў сабе механізмы для пераадольвання недасканаласцяў негвалтоўным спосабам.
    11 min
  • Няма ідэальных дзяржаў
    У старажытнагрэчаскай філасофіі мы знаходзім розныя меркаванні аб дэмакратыі. Платон ставіўся да яе адмоўна з-за таго, што ў ёй акумулявалася зменлівасць і мінучасць гэтага свету. Ён марыў пра ідэальную дзяржаву. А ў яго выпадку гэта азначала не столькі “добрая для жыцця”, колькі трывалая, непадатлівая на змены. Дзяржава, дзе рэалізуецца ідэал мудрасці. А мудрасць – паводле яго – гэта нішто іншае, як удзел у жыцці Бога!
    Не дзіўна, што для многіх пакаленняў хрысцянскіх мысляроў разважанні Платона пра ідэальную дзяржаву моцна перагукаліся з ідэяй Божага Валадарства. Многія маглі займець уражанне, што Платон выпрацаваў праект “Божага Валадарства на зямлі”, што дзяржава, пабудаваная паводле платонаўскіх рэкамендацый, будзе копіяй Божага Валадарства.
    Ёсць, аднак, адна істотная рэч, якую многія з гэтых мысляроў прапусцілі: Божае Валадарства – гэта тое, што ініцыюе і ажыццяўляе Езус, які з’яўляецца другой Божай Асобай, якая стала чалавекам. Божае Валадарства – гэта не справа рук філосафаў, манархаў або ваяроў, а справа менавіта Божая. Спроба пабудаваць ідэальную дзяржаву чалавечымі сіламі – рэч заведама правальная, як правальнай была ідэа пабудовы Вавілонскай вежы – вежы, якая сягала б нябёсаў.
    11 min
  • “Я займаюся палітыкай”, - кажа Папа. Што маецца на ўвазе?
    “Так, я займаюся палітыкай, таму што кожны павінен займацца палітыкай”, - кажа Папа Францішак падчас аднаго з інтэрв’ю, якое ўвайшло ў кнігу “El Pastor”, якая выйшла ў мінулым годзе ў Аргенціне.
    “А што такое палітыка? – працягвае Папа. – Гэта лад жыцця для поліса, для горада. Тое, чым я не займаюся і чым не павінен займацца Касцёл, дык гэта партыйнай палітыкай. Але Евангелле мае палітычнае вымярэнне, якое павінна перамяніць сацыяльны, нават рэлігійны, менталітэт людзей”.
    У гэтым выпуску аўтар каментуе выказванне Францішка, які на старагрэчаскае разуменне палітыкі наклаў разуменне евангельскае. Само слова палітыка мае грэчаскае паходжанне, і ў старажытнай Грэцыі паняцце палітыкі і рэчаіснасць палітыкі былі аб’ектамі філасофскіх дыскусій, а адгалоскі гэтых дыскусій чуваць практычна ва ўсіх эпохах еўрапейскай гісторыі. Чуваць яны і сёння.
    11 min

About Эфата

From the publisher's feed

У падкасце „Эфата“ аўтар засяроджваецца на розных формах узаемадзеяння Касцёла са светам – светам палітыкі, культуры, навукі, рознага роду каштоўнасных трэндаў. “Эфата” – гэта тое слова, якое…