Idea X

Idea X

By EuroradioSociety & Culture
Download on the App Store

Idea X episodes

  • Сяргей Кузін: мая нацыянальная ідэя ў трох словах — мова, свабода, адказнасць
    18 ліпеня ў эфіры Еўрарадыё — вядоўца ранішняга шоу на Радыё USA, медыя-кансультант Сяргей Кузін.
    Беларусы не мусяць забываць, што ў нас ёсць свае ўнікальныя і яскравыя адрозненні ад ншых нацый. І мы мусім іх захоўваць, адначасова пашыраючы разуменне таго, што мы — частка вялікага еўрапейскага соцыуму. Той Еўропы, часткай якой мы былі спрадвеку і гісторыя якой дазваляе нам ганарыцца сваёй бацькаўшчынай і праз усе выпрабаванні і падарожжы несці любоў да радзімы у сваім сэрцы, перакананы Сяргей Кузін.
    Пра тое, чаму эміграцыя — не падстава для адмаўлення ад сваёй ідэнтычнасці, ці гатовыя беларусы да свабоды і адказнасці, пра любоў, вайну і мову мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Сяргеем Кузіным.
    49 min
  • Алена Говар: шукай сябе і мадэрнізуйся — з такой ідэяй жыву і ёй кіруюся
    11 ліпеня ў эфіры Еўрарадыё — доктарка філасофіі, этнагісторык, супрацоўніца Аўстралійскага нацыянальнага ўніверсітэта Алена Говар.
    Архівы — гэта велізарны пласт сацыяльнай гісторыі нашага народа, гісторыі, якая тычыцца кожнага чалавека. Да ўсведамлення сябе неабходна ісці праз усведамленне сваёй сям’і, свайго роду, сваёй вёскі ці мястэчка, а не праз нейкія вялікія грунвальдскія бітвы. Гісторыя вельмі важная, мова — вельмі важная, але яны павінны быць часткай цябе, гэта не мусіць быць штучна пасаджанае ў нас, як абстрактная частка дзяржавы. Каб знайсці гэтую сваю частку, нам неабходна зазірнуць у гісторыю свайго роду з дапамогай пакуль яшчэ закрытых ад нас архіваў, перакананая Алена Говар.
    Пра тое, ці падобныя лёсы беларусаў і аўстралійскіх абарыгенаў, ці з'яўляецца беларуская мова абавязковым элементам для фармавання нашай нацыі, ці ёсць беларусы як нацыя і пры чым тут праблема адкрытых архіваў, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Аленай Говар.
    55 min
  • Віта Раманенка: быць беларусам — сёння гэта для нас найважнейшая ідэя
    4 ліпеня ў эфіры Еўрарадыё — журналістка, рэжысёрка, былая намесніца старшыні “Таварыства маладых літаратараў”, пісьменніца, мастацтвазнаўца, сяброўка Асацыяцыі мастакоў Пасадэны (Каліфорнія), заснавальніца галерэі VitArt Gallery (Лос-Анджэлес, ЗША) Віта Раманенка (Solzberg).
    Беларусы спрадвеку ведалі, што мадэль сусвету нашмат складанейшая, чым падаецца на першы погляд. І гэтыя свае веды нашы продкі закадавалі ў народных абрадах і малюнках вышыванак, у традыцыях і… павуках. Тых самых саламяных павуках, якія мы ўспрымалі не больш як забаўку ці цацку. А гэта складаная канструкцыя, наш партал сувязі з сусветам, канал, праз які мы можам уплываць на свой лёс і сваю будучыню, перакананая Віта Раманенка.
    Пра тое, чаму ў беларускай нацыі заўжды існавала (і працягвае існаваць) перарванасць пакаленняў, што насамрэч уяўляюць з сябе “павукі” і як гэта — жыць у адпаведнасці з вібрацыямі свайго генафонду, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Вітай Раманенка.
    53 min
  • Павел Станкевіч: мы розныя, але роўныя, дзяржава — гэта не нацыя, такая мая ідэя
    27 чэрвеня ў эфіры Еўрарадыё — заснавальнік фестывалю абуджаных “TUTAKA”, старшыня фонду “TUTAKA” Павел Станкевіч.
    Беларусы могуць нават не ўсведамляць сваёй беларускасці ці нават свядома ад яе адмовіцца, але яны заўсёды будуць заставацца “тутэйшымі”. І, магчыма, менавіта гэтая “тутэйшасць” выратавала беларусаў як нацыю. Бо хаваючыся ў сваёй “тутэйшасці”, нашыя людзі так і не здолелі пераканаць сябе і сказаць “я расіянін” ці “я паляк”. Але з часам сапраўдная беларускасць праб’ецца праз любую “тутэйшасць”, перакананы Павел Станкевіч.
    Пра тое, чаму нельга дзяліць беларусаў на “беларускіх” і “польскіх”, чаму часам важна адчуць сябе меншасцю і як беларусаў выратавала іх “тутэйшасць”, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Паўлам Станкевічам.
    53 min
  • Сяргей Бесараб: праз Беларусь да зорак — выдатная нацыянальная ідэя!
    20 чэрвеня ў эфіры Еўрарадыё — навуковец у галіне калоіднай хіміі, былы супрацоўнік Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі Акадэміі навук Беларусі, вынаходнік, футуролаг, навуковы журналіст, папулярызатар тэхнічнай навукі Сяргей Бесараб.
    Беларусы як нацыя заўжды рухалі чалавецтва да зорак. Мы — касмічная нацыя, фактычна нацыя інжынераў-прыборабудаўнікоў. Але імкнучыся да зорак, мы абавязаныя памятаць пра свае карані. Бо адарваўшыся ад каранёў, адрокшыся ад сваёй ідэнтычнасці і беларускасці, мы з касмічнай нацыі ператворымся ў звычайных “касмічных валацуг” без мэты і без памяці, перакананы Сяргей Бесараб.
    Пра тое, чаму беларускія навукоўцы ў пераважнай большасці не ідэнтыфікуюць сябе як беларусы, ці можа навука спрыяць нацыянальнай свядомасці нацыі і як беларусы сталі “касмічнай нацыяй”, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Сяргеем Бесарабам.
    57 min
  • Лідзія Тарасенка: мы мусім трымацца каранёў, рабіць нечаканае і эвалюцыянаваць
    13 чэрвеня ў эфіры Еўрарадыё — каардынатарка Фонду медыцынскай салідарнасці Беларусі Лідзія Тарасенка.
    У той сітуацыі, у якой сёння аказалася беларуская нацыя, нам неабходна найперш трымацца сваіх каранёў і ведаць сваю ідэнтычнасць, каб атрымаць “устойлівасць” у гэтай віхуры падзей. Другое — рабіць тое, чаго ніхто ніколі не рабіў, і заставацца заўжды на светлым баку. Толькі ў такім выпадку мы зможам эвалюцыянаваць, каб не застацца ў мінулым, перакананая Лідзія Тарасенка.
    Пра тое, чаму нават у часы глабалізацыі так важна ведаць сваю ідэнтычнасць, дзе знайсці рашучасць, каб рабіць нечаканае і пры гэтым заўжды заставацца на светлым баку, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Лідзіяй Тарасенка.
    57 min
  • Генадзь Манько: Мая нацыянальная ідэя — гісторыя, мова, годнасць
    6 чэрвеня ў эфіры Еўрарадыё — кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве, бізнесовец, былы выведнік Генадзь Манько.
    Мы вельмі дрэнна ведаем сваю гісторыю. І прычына не толькі і нават не столькі ў тым, што беларусам уласная гісторыя не цікавая. Рэч найперш у тым, што нашу гісторыю ад нас наўмысна хаваюць. Шмат пра якія гістарычныя падзеі мы проста не можам даведацца, бо пра іх не гавораць школьныя падручнікі па гісторыі, гэтым падзеям не прысвечаныя экспазіцыі ў музеях і пра іх няма навуковых прац. Іх схавалі ад беларусаў у архівах і забаранілі ўваход. Таму для нас вельмі важна гэтыя архівы адкрыць і вярнуць сабе памяць, перакананы Генадзь Манько.
    Пра тое, чаму шмат што з гісторыі беларускага народа нам не вядомае зусім, чаму вяртанне памяці і веданне гісторыі такое важнае і ці сапраўды шлях узброенага супраціву — гэта не наш шлях сёння, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Генадзем Манько.
    52 min
  • Алена Прыходзька: мова, годнасць, еднасць — тры словы маёй нацыянальнай ідэі
    30 траўня ў эфіры Еўрарадыё — экс-старшыня камісіі па выбарах у Каардынацыйную раду, журналістка, валанцёрка і грамадская актывістка Алена Прыходзька.
    Ва ўмовах, калі мы аказаліся за мяжой і раскіданыя па ўсім свеце, нам вельмі важна захоўваць і пашыраць выкарыстанне роднай мовы — у сям’і, у камунікацыі з суайчыннікамі. І самае галоўнае — перадаваць беларускую мову сваім дзецям. Бо так мы ўмацоўваем у сабе павагу да сваёй ідэнтычнасці і, адпаведна, да саміх сябе. Без павагі да сябе не будзе ў нас і павагі да людзей наўкола, перакананая Алена Прыходзька.
    Пра тое, ці здолее беларускае грамадства ў выгнанні знайсці ў сабе сілы захаваць сваю ідэнтычнасць, пра важнасць нацыянальных каштоўнасцяў і патрэбу нацыянальнай еднасці мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Аленай Прыходзька.
    1 hr 1 min
  • Настасся “Север” Махамет: беларусы павінны прыняць сваю свабоду — такая мая ідэя
    23 траўня ў эфіры Еўрарадыё — добраахвотніца, былая камандзір медычнай роты палка імя Кастуся Каліноўскага Настасся “Север” Махамет.
    У пераважнай сваёй большасці беларусы не ўсведамляюць ні таго, што такое свабода, ні яе каштоўнасці. Да ўсяго, яны і не гатовыя яе прыняць. Бо свабода — гэта яшчэ і адказнасць за выбар, які ты робіш, і за твае дзеянні. Таму сёння для нас галоўнае — знайсці ў сабе смеласць прыняць свабоду, перакананая Настасся “Север” Махамет.
    Пра тое, ці здолее беларускае грамадства знайсці ў сабе сілы, каб паразумецца, ці мае яна на беларусаў крыўду і пра важнасць нацыянальных каштоўнасцяў, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Настассяй “Север” Махамет.
    55 min
  • Веста Свендсэн: поліэтнічнасць, інклюзіўнасць, нацыяналізм — такая мая ідэя
    16 траўня ў эфіры Еўрарадыё — паліталагіня, кандыдатка ў магістратуру Цэнтра вывучэння Халакоста і генацыду Ешыва-універсітэта, бакалаўр у галіне русістыкі, псіхааналітык, кандыдатка ў дэлегаты Каардынацыйнай рады ад выбарчага спісу “Блок Пракоп’ева-Ягорава” Веста Янусік-Свендсэн.
    Сёння беларускае грамадства знаходзіцца ў сітуацыі, калі нам трэба вучыцца двум вельмі важным рэчам: здароваму нацыяналізму і дэмакратычным працэдурам. І мы гатовыя як да першага, так і да другога — падзеі 2020 года і тое, як беларусы спраўляюцца з выпрабаваннямі, даюць падставы верыць, што мы пройдзем гэты шлях годна і здолеем пабудаваць сваю беларускую і дэмакратычную краіну, пераканая Веста Янусік-Свендсэн.
    Пра тое, чаму так важна захоўваць сваю беларускасць, дзе б ты не знаходзіўся, чаму глабалізацыя не супярэчыць нацыянальнаму будаўніцтву і які нацыяналізм — здаровы, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Вестай Янусік-Свендсэн.
    58 min

About Idea X

From the publisher's feed

На нашу думку, прыспеў час распачаць дыскусію і вызначыць, сфармуляваць беларускую нацыянальную ідэю. І мы працягваем гэта рабіць у аўтарскай праграме “Ідэя Х” рэдактара Еўрарадыё Змітра Лукашука.

More shows like Idea X

euroradio.fm by Euroradio

euroradio.fm

7 Listeners

Стартапніца by Euroradio

Стартапніца

0 Listeners