Пашпарт грамадзяніна

Пашпарт грамадзяніна

Download on the App Store

Пашпарт грамадзяніна episodes

  • Якім быў секс у савецкай Беларусі і як да гэтай з'явы ставіліся камуністы? Аповед гісторыка на далікатную тэму
    Тэма інтымных стасункаў доўгі перыяд была табуяванай у савецкім грамадстве, а таму зусім не дзіўна, што з экранаў тэлевізараў у свой час ліліся воклічы накшталт: «У Савецкім Саюзе сексу няма». Нягледзячы на некаторыя забароны і маральныя скрэпы, людзі жылі палавым жыццём, а ў першай чвэрці мінулага стагоддзя ў Беларусі нават адбылася сексуальная рэвалюцыя. Што гэта была за з'ява, якім быў секс у савецкай Беларусі, як ставілася да гэтай тэмы ўлада — у чарговым падкасце «Пашпарта грамадзяніна» распавёў гісторык, даследчык Антон Дзянісаў. Не адыходзьце. Будзе цікава.
    39 min
  • Стварыла бюсты Касцюшкі, Горкага і Чайкоўскага і ратавала яўрэяў з кобрынскага гета. Гісторыя скульптаркі Бальбіны Світыч-Відацкай
    Наша гісторыя захоўвае яшчэ мноства таямніц і імёнаў таленавітых суайчыннікаў, чые біяграфіі яшчэ дэтальна не вывучылі, не прааналізавалі для шырокіх колаў аўдыторыі. Сярод іх, напрыклад, даволі цікавая скульптарка Бальбіна Світыч-Відацкая. Яна пражыла ў савецкай Беларусі значную частку жыцця, стварала мастацкія творы для філармоніі, драматычнага тэатра ў Брэсце, але ў пэўны момант была вымушана з’ехаць за мяжу. Што цікава, за кардонам яна таксама не разгубілася і працягвала ствараць, пакінуўшы пасля сябе змястоўную спадчыну. Хто такая Світыч-Відацкая, і чым ейная гісторыя звязана з Магілёвам, расказвае мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.
    12 min
  • Гісторыя Мая Данцыга і яго знакамітага пейзажа, які бачыў кожны мінчук
    Калі выбраць аднаго мастака, чыя творчасць непарыўна знітавана з жыццём Мінска, адразу прыгадваеш славутага Мая Данцыга. Ён, безумоўна, ствараў партрэты і пейзажы, ездзіў па сюжэты ў далёкія вандроўкі, але добрую частку сваёй творчай спадчыны прысвяціў роднаму і ўлюбёнаму Мінску. На ягоных вялікіх палотнах ажываюць мінскія праспекты, вуліцы, Нацыянальная бібліятэка, побач з якой яшчэ растуць сады, а не бетонныя гмахі, плошча Перамогі. Аднак, бадай, самы вядомы твор майстра — «Мой горад старажытны, малады» з відам на даўнюю Нямігу. У чарговым падкасце мастацтвазнаўца Кацярына Ізафатава тлумачыць, чым унікальная гэтая карціна, якая яе вартасць і з якой нагоды Данцыг так любіў пісаць сюжэты гарадскога тыпу.
    24 min
  • Іван Луцкевіч збіраў даўніну, калі гэта яшчэ не было мэйнстрымам. Гісторыя топавага калекцыянера
    У пачатку мінулага стагоддзя Іван Луцкевіч быў адным з самых выбітных беларускіх дзеячаў. Ён актыўна ўключыўся ў грамадскую дзейнасць, удзельнічаў у стварэнні БНР, выдаваў у Вільні беларускамоўныя выданні, але адной з галоўных спраў ягонага жыцця было калекцыянаванне. Ён рупліва збіраў прадметы нашай гісторыі, якія ў будучыні сталі часткай экспазіцыі буйных музеяў. У цяжкія хвіліны ён мог пашкадаваць грошы сабе на вячэру, але ніколі не шкадаваў іх на каштоўныя прадметы беларускай даўніны. Пра гэтую цікавую частку жыцця Луцкевіча ў межах праекта «Пашпарт грамадзяніна» расказвае гісторык мастацтва Зміцер Моніч.
    24 min
  • Аўтар знакамітага рамана «Знахар» быў зоркай: жыў у шыкоўных апартаментах і меў армію прыхільніц. Гісторыя Далэнгі-Мастовіча, які нарадзіўся пад Глыбокім
    У 1981-м польскі рэжысёр Ежы Гофман зняў пранізлівую меладраму «Знахар» пра няпросты жыццёвы шлях хірурга Рафала Вільчура. Фільм выклікаў такі нечуваны рэзананс у СССР, што яго ў савецкіх кінатэатрах прагледзела больш за чатыры мільёны гледачоў. «Знахара» цудоўна памятае і старэйшае пакаленне беларусаў, але далёка не кожны ведае, што стужку знялі паводле аднайменнага рамана ўраджэнца вёскі Акунёва, што ў Віцебскай вобласці, Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча. Пра жыццё паспяховага пісьменніка, які быў зоркай і дужа заможным чалавекам у міжваенны перыяд, у чарговым выпуску падкаста «Пашпарт грамадзяніна» распавядае перакладчыца Марыя Пушкіна.
    11 min
  • Авантурнік, палітык і герой амурных гісторый. Згадваем, кім быў знакаміты Багуслаў Радзівіл
    Мы працягваем абмяркоўваць цікавых асоб беларускай гісторыі. Колькі тыдняў таму пісалі пра неверагоднага Караля Станіслава Радзівіла па мянушцы Пане Каханку, а гэтым разам пагаворым пра яшчэ аднаго знакамітага прадстаўніка буйнога магнацкага роду — Багуслава. У 17-м стагоддзі ён быў знакаміты на ўсю Еўропу дзякуючы багаццю, амурным гісторыям і дуэлям. Акрамя таго, ён праявіў сябе як архітэктар, супярэчлівы палітык і актыўны мецэнат, які меў у сваёй калекцыі карціны знакамітага нямецкага Лукаса Кранаха. Пра ўсё гэта і не толькі ў чарговай серыі нашага падкаста «Пашпарт грамадзяніна» апавядае гісторык Алег Дзярновіч.
    43 min
  • Дачка рэпрэсаванага настаўніка, якая ўратавала мастацкі музей. Расказваем пра Алену Аладаву
    Алена Аладава — знакамітая дырэктарка Нацыянальнага мастацкага музея, якая літаральна па крупінках збірала калекцыю для музея пасля Другой сусветнай вайны. Яна з маладосці зацікавілася мастацтвам, пісала пра яго ў перыёдыку, была экскурсаводам, а ў выніку ператварылася ў самага ўплывовага мастацкага функцыянера БССР. Каб пасля вайны стварыць і ўзбагаціць якаснымі творамі новы музей, разрабаваны падчас вайны, Аладава разам з калектывам прыкладала велізарныя намаганні: вяла перамовы і задобрывала калекцыянераў, адпраўлялася ў экспедыцыі па Беларусі, пераканала спявачку Лідзію Русланаву прадаць сваю цудоўную калекцыю менавіта ў Мінск і атрымала мянушку Беларускі Траццякоў. Пра тое, чым адметная асоба Аладавай і як яна занава стварала мастацкі музей, у чарговым выпуску падкаста «Пашпарт грамадзяніна» расказвае даследчык Зміцер Моніч.
    27 min
  • Неверагодны лёс пісьменніка-кантрабандыста, якога высоўвалі на Нобелеўскую прэмію. Гаворым пра жыццё Сяргея Пясецкага
    Сяргей Пясецкі – пісьменнік унікальны. Нарадзіўся ў Ляхавічах, жыў у Заходняй Беларусі, калі тая знаходзілася пад Польшчай, быў кантрабандыстам у міжаваенны перыяд, шпіёнам, сядзеў за рабаўніцтва, падчас зняволення адкрыў у сабе пісьменніцкі талент і ў выніку палякі яго нават высоўвалі на Нобелеўскую прэмію. Апошні перыяд сваяго жыццё Пясецкі правёў у Англіі, дзе і пахаваны на могілках у Гастынгсе. Пры Савецкім Саюзе ягоная творчасць была невядома беларускім чытачам, у камуністычнай Польшчы таксама не друкавалі. Але ўсё змянілася ў дзевяностых. З часам пераклады на беларускую і рускую мову прыгодніцкіх раманаў пра крымінальнікаў і кантрабандыстаў, у якіх паўстае жыццё шпіёнаў, каларытны памежны свет Польшчы і Савецкага Саюза да Другой сусветнай вайны, пачалі з’яўляцца адно за адным. Творы Пясецкага сталі так запатрабаванымі ў Беларусі, што па мясцінах, звязаных з неверагоднай біяграфіяй аўтара, нават праводзяць экскурсіі. У чарговым выпуску нашага праекта «Пашпарт грамадзяніна» пра Пясецкага расказвае літаратуразнаўца і перакладчыца Марыя Пушкіна.
    11 min
  • Масон, вязень Сібіры, які пісаў карціны ў касцёльных сутарэннях
    Беларуская гісторыя хавае дзясяткі прозвішчаў творцаў, імёны якіх зацярушаныя часам, і вядомыя пераважна даследчыкам ды аматарам мастацтва. Шкада, бо лёс некаторых з іх мог бы паслужыць асновай для прыгодніцкага рамана ці захапляльнай кінастужкі. Напрыклад, жыццё вядомага ў 19 стагоддзі мастака Яна Дамеля, чыя біяграфія і дагэтуль захоўвае шмат загадак і таямніц. Ён быў масонам, правёў тры гады ў высылцы ў Сібіры, пісаў палотны у касцёльных сутарэннях і быў вельмі запатрабаваным партрэтыстам сярод мінскай шляхты. У межах праекта «Пашпарт грамадзяніна» пра яго ў нашым падкасце расказвае гісторык мастацтва Зміцер Моніч.
    27 min
  • Караль Станіслаў Радзівіл — галоўны эксцэнтрык беларускай гісторыі, які здзіўляў сваімі выбрыкамі
    Караль Станіслаў Радзівіл па мянушцы «Пане Кахану» – адна з самых скандальных і дзіўных асоб у беларускай гісторыі. Гэты магнат летам катаўся на санях па пасыпанай солі ў Нясвіжы, піў і гуляў у карты, аб ім складалі легенды і байкі, трымаў тэатр, а пра яго дзівацтвы нават спяваў Лявон Вольскі. Але ж пры гэтым эксцэнтрычныя паводзіны некаторыя гісторыкі лічаць шырмай, за якой у тым ліку трымаўся палітычны разлік. У чарговым выпуску праекта «Пашпарт грамадзяніна» пра легендарнага Радзівіла ў нашым падкасце апавядае гісторык Алег Дзярновіч.
    29 min

About Пашпарт грамадзяніна

From the publisher's feed

Метадычка сапраўднага беларуса. Лекцыі i размовы пра нашу гісторыю, культуру і мастацтва