Idea X

Idea X

By EuroradioSociety & Culture
Download on the App Store

Idea X episodes

  • Уладзіслаў Наважылаў: наша адзінства — у нашай разнастайнасці, і гэта наша ідэя
    30 студзеня ў эфіры Еўрарадыё — рок-музыка, франтмен гурта Gods Tower, андэграўндны пісьменнік Уладзіслаў “Lesley Knife” Наважылаў.
    У Беларусі, як і ў шмат якіх іншых краінах, існуюць унутраныя адрозненні паміж жыхарамі розных рэгіёнаў. У нас адрозніваюцца, хай сабе часам і нязначна, народныя традыцыі і абрады, мова і паводзіны. Але мы не павінны імкнуцца усіх навучыць адзінай беларускай мове ці зрабіць аднолькавымі народныя абрады. Нам трэба ганарыцца нашай разнастайнасцю і падтрымліваць яе. Бо менавіта ў ёй, у нашай “рэгіянальнасці” — наша “дзяржаўнае” адзінства, перакананы Уладзіслаў “Lesley Knife” Наважылаў.
    Пра тое, чаму мы павінны падтрымліваць разнастайнасць у межах адной дзяржавы і ці гатовыя беларусы захаваць сваю адметнасць у эміграцыі, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Уладзіславам “Lesley Knife” Наважылавым.
    58 min
  • Сцяпан Стурэйка: наша нацыянальная ідэя — ва ўмацаванні ўласнай суб’ектнасці
    23 студзеня ў эфіры Еўрарадыё — гісторык, культурны антраполаг, пісьменнік, доктар гуманітарных навук Сцяпан Стурэйка.
    Сёння вельмі шмат разважаюць пра дэкаланізацыю і яе неабходнасць, каб нашая нацыя магла вызваліцца з-пад ціску “рускага свету” і нарэшце пайсці сваім шляхам. І дэкаланізацыя нам сапраўды неабходная, але нельга на ёй зацыклівацца і думаць, што як толькі мы “дэкаланізуемся”, то будзе нам нарэшце нашае сапраўды беларускае шчасце. Нам яшчэ неабходная эмансіпацыя: прыняццё саміх сябе такімі, якія мы ёсць, перакананы Сцяпан Стурэйка.
    Пра тое, чаму беларусы па еўрапейскіх мерках — маладая нацыя, чаму мы нацыя рэстаўратараў і што мы рэстаўруем, а таксама пра важнасць усведамлення беларусамі ўласнай суб’ектнасці, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” са Сцяпанам Стурэйкам.
    1 hr
  • Павел Мар’еўскі: “Беларусь перадусім!” — гэта мусіць стаць нашай ідэяй сёння
    16 студзеня ў эфіры Еўрарадыё — палітолаг, былы баец палка імя Кастуся Каліноўскага, кіраўнік дабрачыннага фонду “Асацыяцыя беларускіх ветэранаў”, сябра Каардынацыйнай рады ад фракцыі “Еўрапейскі выбар” Павел Мар’еўскі.
    Калі нават сітуацыя складзецца так, што полк імя Каліноўскага, іншыя беларускія вайсковыя структуры вымушаныя будуць зайсці ў Беларусь, то толькі для таго, каб зламаць супраціў тых сілавых структур, якія кормяцца з рукі Лукашэнкі і паспрабуюць яго ўладу абараніць. Але ніякай хунты вайскоўцы ўсталёўваць не будуць. Як толькі супраціў рэжымных сілавікоў будзе зломлены, уся ўлада будзе перададзеная палітычным структурам дэмакратычных сіл, перакананы Павел Мар’еўскі.
    Пра тое, якія сцэнары змены ўлады ў Беларусі выглядаюць найбольш імавернымі, ці гатовыя беларусы змагацца за сваю будучыню і чаму беларуская мова — гэта сексуальна, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Паўлам Мар’еўскім
    1 hr 3 min
  • Георгій Рой: салідарнасць і ўзаемападтрымка — у гэтым наша нацыянальная ідэя
    9 студзеня ў эфіры Еўрарадыё — святар беларускага прыходу Канстантынопальскага патрыярхату ў Літве протаіерэй Георгій Рой.
    Сёння беларускае грамадства апынулася ў сітуацыі, калі дзве яго часткі назапашваюць розны жыццёвы досвед. І калі сітуацыя зменіцца і тыя, хто быў вымушаны выехаць з краіны, зможа вярнуцца на радзіму, яны далёка не ва ўсім будуць зразумелыя тым, хто з краіны не выязджаў. І наадварот. А гэта азначае, што нам усім ізноў трэба будзе змяняцца. Каб паразумецца і разам будаваць сваю будучыню. І мы абавязкова гэта зробім і аб’яднаемся, перакананы Георгій Рой.
    Пра тое, чаму Бог нанова выпрабоўвае беларусаў і ці не пакаранне гэта насамрэч, ці ёсць розніца, на якой мове маліцца і як “па-хрысціянску” пакараць злачынцаў, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” са святаром Георгіем Роем.
    1 hr 4 min
  • Андрэй Строцаў: называючыся хобітамі, беларусы заўжды марылі “людзьмі звацца”
    2 студзеня ў эфіры Еўрарадыё — толкіназнавец, перакладчык, антраполаг і релігіязнаўца Андрэй Строцаў.
    Беларусы любяць параўноўваць сябе з хобітамі — народам, які вельмі моцна прывязаны да свайго кавалачку зямлі, да сваёй сям’і, гаспадарлівых “тутэйшых”, для якіх важнае тое, што адбываецца побач з імі, і якім не цікавае ўсё, што здараецца за “далёкім лесам”. Вось толькі і сама Беларусь спрадвеку, у адрозненні ад Шыра, стаіць на перакрыжаванні гісторыі, і беларусы вымушаныя не толькі адрываць вочы ад любімых градак, але і бараніць сваю зямлю ад чужынцаў. І бараніць — а як на сённяшнюю сітуацыю, то і вызваляць — сваю Айчыну нам яшчэ давядзецца. Гэтак жа, як і Фрода з сябрамі па іх вяртанні з Мордара, перакананы Андрэй Строцаў.
    Пра тое, як на наш менталітэт уплывае наша “тутэйшасць”, чаму беларусы не толькі хобіты, але і эльфы, і гномы, і людзі, і нават оркі адначасова і ці гатовыя мы змагацца за сябе, сваю ідэнтычнасць і сваю радзіму, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Андрэем Строцавым.
    58 min
  • “Мірон”: любі і барані — ніякай іншай нацыянальнай ідэі нам сёння не трэба
    26 снежня ў эфіры Еўрарадыё — легенда беларускага супраціву Зміцер “Мірон” Піменаў.
    Словы класіка “Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына” павінен ведаць і прапусціць праз сваё сэрца кожны беларус. У гэтых словах — увесь сэнс нашага нацыянальнага жыцця: мы павінны рабіць усё магчымае, каб захаваць тое, што пабудавалі, здабылі і перадалі нам нашы продкі, перакананы Зміцер “Мірон” Піменаў.
    Пра тое, як захаваць, абараніць і перадаць сваім унукам тое, што нам перадалі нашы продкі, як у эміграцыі захаваць сваю ідэнтычнасць і пры чым тут вера і Бог, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” са Змітром “Міронам” Піменавым.
    1 hr
  • Дзіяна Балыка: для сябе я сфармулявала такую ідэю: “ЗаЖыве Беларусь!”
    19 снежня ў эфіры Еўрарадыё — драматург, паэтка, акторка, псіхолаг Дзіяна Балыка.
    Амаль у кожным з нас схаваная своеасаблівая беларуская траўма: мы саромеемся сваёй мовы і сваёй гісторыі, прыналежнасці да гэтай нацыі. І сёння для нас усіх, асабліва для тых, хто апынуўся далёка ад Бацькаўшчыны, вельмі важна як мага больш карыстацца беларускай мовай і па-беларуску выхоўваць сваіх дзяцей. Гэта становіцца для нас своеасаблівай псіхатэрапіяй, перакананая Дзіяна Балыка.
    Пра тое, як траўмы аб’ядноўваюць беларусаў, як нам лепш ад гэтых траўмаў пазбаўляцца і чаму так важна захоўваць веру ў няўхільную перамогу, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Дзіянай Балыка.
    1 hr 7 min
  • Алесь Кіркевіч: мая ідэя простая — працаваць, каб было добра, і нічога не баяцца
    12 снежня ў эфіры Еўрарадыё — папулярызатар гісторыі, сцэнарыст, журналіст Алесь Кіркевіч.
    Беларусы мусяць вырашыць свае праблемы і навесці парадак у краіне. Хай сабе часам і недэмакратычным шляхам. Колькі часу гэта зойме, толькі Бог ведае, але трэба да гэтага быць гатовымі. І калі парадак будзе наведзены, то настане час для цудоўных эканамістаў, для ІТ-шнікаў, якія вярнуцца з Кіпра: для іх і ўсіх астатніх будзе закон і парадак, перакананы Алесь Кіркевіч.
    Пра тое, чаму свабоду без крыві не здабыць нават у ХХІ стагоддзі, як нам захаваць сябе ў эміграцыі і ці гатовыя беларусы змагацца са зброяй у руках за сваю будучыню, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Алесем Кіркевічам.
    1 hr 3 min
  • Наталля Арцёменка: не перашкаджайце нам рабіць сваё — ідэя, з якой жыву
    5 снежня ў эфіры Еўрарадыё — спецыялістка ў галіне кіравання і арганізацыі, былая прадстаўніца рэктара Uczelni Łazarskiego ў Варшаве, адна з заснавальніц Згуртавання беларускіх студэнтаў у Гомелі, заснавальніца скаўцкай суполкі “Беларускі выведнік” Наталля Арцёменка.
    Беларусы — цалкам унікальная нацыя, і мы можам для пабудовы сваёй краіны, свайго жыцця зрабіць усё самі. Нам не трэба нейкай вялізнай адміністрацыйнай ці бюракратычнай надбудовы над намі, каб нешта працавала, — мы самі зробім усё неабходнае, калі толькі зможам вярнуць сабе краіну. І некалі мы гэтага даможамся і вернем яе сабе, перакананая Наталля Арцёменка.
    Пра тое, чаму нам важна будаваць і захоўваць сувязі паміж сабой, дзе б мы ні знаходзіліся, ці падобная моўная сітуацыя ў беларусаў і ірландцаў і як вярнуць сабе краіну, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Наталляй Арцёменка.
    55 min

About Idea X

From the publisher's feed

На нашу думку, прыспеў час распачаць дыскусію і вызначыць, сфармуляваць беларускую нацыянальную ідэю. І мы працягваем гэта рабіць у аўтарскай праграме “Ідэя Х” рэдактара Еўрарадыё Змітра Лукашука.

More shows like Idea X

euroradio.fm by Euroradio

euroradio.fm

7 Listeners

Стартапніца by Euroradio

Стартапніца

0 Listeners